Ціханоўская і дэмсілы Венесуэлы дамовіліся сумесна супрацьстаяць сувязям рэжымаў Лукашэнкі і Мадура

21 чэрвеня, Позірк. Тэму супрацы рэжымаў Аляксандра Лукашэнкі і Нікаласа Мадура абмеркавалі 20 чэрвеня ў Мадрыдзе беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі дэмсіл Венесуэлы, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка.
Паводле яго слоў, у іспанскай сталіцы беларускі дэмлідар сустрэлася з экс-дыпламатам Эдмунда Гансалесам — кандыдатам аб’яднанай апазіцыі, якога шэраг краін прызнае пераможцам на выбарах венесуэльскага прэзідэнта ў 2024 годзе. Разам яны правялі тэлефонную размову з адной з лідараў пратэстаў супраць Мадура, дэпутатам Нацыянальнай асамблеі ў 2011–2014 гадах Марыяй Карынай Мачада, якая “знаходзіцца ў падполлі ў Венесуэле”.
Удзельнікі сустрэчы, адзначыў Вячорка, дамовіліся “аб’яднаць намаганні, каб эфектыўна супрацьстаяць” сувязям рэжымаў у Мінску і Каракасе. Яны таксама абмеркавалі “магчымыя супольныя дзеянні на міжнароднай арэне”, у тым ліку “супрацу з краінамі Лацінскай Амерыкі”, “шляхі ціску на дыктатарскія рэжымы”, а таксама спосабы таго, як “дамагчыся вызвалення палітвязняў”.
Ціханоўская выказала падтрымку і салідарнасць з венесуэльскім народам, які “працягвае змаганне за свабоду і дэмакратыю, нягледзячы на сфальшаваныя выбары і жорсткія рэпрэсіі”. Палітык падкрэсліла, што дэмсілы Беларусі “будуць надалей падтрымліваць” народ Венесуэлы ў яго барацьбе. “Мы змагаемся за аднолькавыя каштоўнасці — свабоду, годнасць і справядлівасць, і супраць аднаго і таго ж зла — тыраніі і беззаконня”, — перадаў словы дэмлідара яе галоўны дарадца.
Ціханоўская і Гансалес сустракаліся сёлета ў лютым на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Тады бакі абмяркоўвалі міжнародны ціск на рэжымы Лукашэнкі і Мадура.
28 ліпеня 2024 года ў Венесуэле адбыліся прэзідэнцкія выбары, пераможцам якіх трэці раз абвясцілі Мадура. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ён набраў 51,2% галасоў, Гансалес — 44,2%. Аднак паводле даных незалежных экзітполаў, Гансалеса падтрымала 65% выбаршчыкаў, а Мадура — ад 14% да 31%.
Пасля выбараў у Венесуэле пачаліся пратэсты апазіцыі. Паводле інфармацыі мясцовых СМІ, у Каракасе паліцыя і вайскоўцы выкарыстоўвалі супраць пратэстоўцаў слёзацечны газ і гумавыя кулі. Пратэсты былі канчаткова задушаныя на пачатку жніўня.
Загінула сама меней 28 чалавек, каля 200 было паранена. Улады арыштавалі каля дзвюх тысяч чалавек, некаторыя зазналі катаванні (у лістападзе ўлады абвясцілі пра вызваленне 225 затрыманых).
Дэмакратычныя краіны не прызналі вынікі выбараў. Шэраг дзяржаў, у тым ліку ЗША, прызналі Гансалеса абраным прэзідэнтам. Ён быў вымушаны пакінуць краіну перад пагрозай арышту летась у верасні.
Мадура кіруе Венесуэлай з 2013 года — пасля смерці ранейшага аўтарытарнага кіраўніка Уга Чавеса. Супраць Венесуэлы ўведзены шэраг міжнародных санкцый.

- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа чатыры тыдні лістапада Польшча спыніла 400 спроб незаконнага пераходу мяжы з боку Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПа справе "Беларускага Гаюна" асуджаны гомельскі прапаведнік царквы хрысціян-адвентыстаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаУ беларускім дэмакратычным асяроддзі няма сацыяльных ліфтаў для моладзі — Ворыхава (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла другое месца па зніжэнні афіцыйнага курсу долара за 11 месяцаў 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛітва спыніла рэкордную для лістапада сутачную колькасць спробаў нелегальна перайсці мяжу з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка


