Мінск 22:05

Зазулінская: Працяг пераследу не выгадны нікому, мяркую, і прадстаўнікі рэжыму гэта добра разумеюць

Архіўнае фото: прэс-служба АПК

21 чэрвеня, Позірк. “Нас можа задаволіць па-сапраўднаму толькі поўнае вызваленне ўсіх палітвязняў, іх поўная рэабілітацыя і спыненне рэпрэсій у Беларусі”, — такім чынам прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская пракаментавала вызваленне 21 чэрвеня шэрагу вязняў.

“Працяг пераследу не выгадны нікому. Мяркую, і прадстаўнікі рэжыму гэта добра разумеюць”, — цытуе яе прэс-служба АПК.

Зазулінская звярнула ўвагу, што сярод 14 вызваленых маюцца “знакавыя дзеячы дэмакратычнай апазіцыі”.

“Гэта вялікая і далікатная падзея — калі чалавек выходзіць з турмы пасля доўгага зняволення. Вельмі хочацца, каб у іх быў час аднавіцца, пабыць з тымі, хто чакаў, адчуць спакой і волю, пабыць дома, — адзначыла яна. — Мяркуючы па тым, што мы ведаем — усе вызваленыя тут жа адпраўленыя з Беларусі за мяжу. Таму наўрад ці ім ўдалося пабыць дома. Па сутнасці мы маем справу з прымусовай дэпартацыяй, у абмен на свабоду. Але на волі лепш, чым у турме. Гэта думка мяне суцяшае”.

Разам з тым, паводле слоў прадстаўніцы АПК, у зняволенні застаецца “як мінімум 1.300 чалавек, чые імёны вядомыя праваабаронцам”.

“Арыштамі працягваюць запаўняць турмы. Боль не знік. Таму кожнае вызваленне — гэта не фінал, а напамін, за што мы трымаемся і чаму працягваем”, — падкрэсліла яна.

Пасля візіту ў Мінск спецпрадстаўніка ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага і яго перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам на волю выйшла група палітвязняў, сярод якіх муж беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, экс-супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчыца Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.

Падзяліцца: