Мінск 06:24

ПАСЕ прызнала адказнасць Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей

Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет

24 чэрвеня, Позірк. У прынятую рэзалюцыю Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) унесенае дапаўненне, якое тычыцца адказнасці Аляксандра Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны.

Рэзалюцыя “Прававыя аспекты і аспекты правоў чалавека агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны” была прынятая 24 чэрвеня падчас летняй сесіі ПАСЕ.

Як заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, які з’яўляецца членам дэлегацыі Каардынацыйнай рады на сесіі ПАСЕ, гэтае дапаўненне было ўнесена з яго ініцыятывы “на падставе доказаў, сабраных НАУ, якія былі прадстаўленыя ў ПАСЕ”.

У дапаўненні ўказваецца, што па стане на 14 жніўня 2024 года не менш за 3.500 украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны былі гвалтоўна перамешчаныя праз або на тэрыторыю Беларусі, дзе яны зазналі расійскую палітычную, ваенную і рэлігійную індактрынацыю. “Гэта перамяшчэнне адбывалася па прамым загадзе Аляксандра Лукашэнкі”, — гаворыцца ў папраўцы.

“З вясны 2023 года НАУ вядзе сістэмную працу па зборы інфармацыі пра незаконнае перамяшчэнне непаўналетніх асоб з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь. Адпаведныя доказы былі накіраваныя ў двух камунікацыях у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС), а таксама ў генеральныя пракуратуры Украіны і Літвы”, — адзначыў палітык.

Ён нагадаў, што з яго ініцыятывы на вясновай сесіі ПАСЕ ў іншую рэзалюцыю арганізацыі была “таксама ўключаная папраўка, якая “прадугледжвае неабходнасць распаўсюджвання юрысдыкцыі будучага спецтрыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны на адпаведныя дзеянні вышэйшага ваенна-палітычнага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі”.

МЗС Украіны ў заяве, прысвечанай ухваленым 24 чэрвеня рэзалюцыям ПАСЕ, адзначыла, што “Украіна высока ацэньвае дакладную фармулёўку прававых вывадаў, у прыватнасці: прызнанне дзеянняў РФ, Беларусі і КНДР як акта агрэсіі”, а таксама “фіксацыю індывідуальнай адказнасці палітычнага і ваеннага кіраўніцтва гэтых дзяржаў”.

10 чэрвеня стала вядома, што Украіна ўвяла санкцыі супраць генеральнага сакратара Беларускага Чырвонага Крыжа, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Дзмітрыя Шаўцова.

Раней генсак БЧК неаднаразова ўхваляў расійскую ваенную агрэсію супраць Украіны, абвінавачваўся ў датычнасці да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. Таксама Шаўцоў адзначыўся рэзананснымі заявамі пра размешчаную ў Беларусі расійскую ядзерную зброю.

У 2023 годзе НАУ двойчы перадавала МКС матэрыялы пра датычнасць рэжыму Лукашэнкі да незаконнага перамяшчэння ў Беларусь украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл дамагаюцца выдачы міжнароднага ордара на арышт Лукашэнкі.

24 верасня 2024 года ўкраінскі праграмны дырэктар міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House (штаб-кватэра ў Вашынгтоне) Юрый Юркевіч заявіў, што ў МКС былі перададзены “новыя доказы непасрэднага ўдзелу рэжыму Лукашэнкі” ў перамяшчэнні ў Беларусь украінскіх дзяцей.

5 кастрычніка быў апублікаваны даклад “Скрадзенае дзяцінства”, падрыхтаваны Freedom House, праваабарончым цэнтрам “Вясна”, ініцыятывай былых сілавікоў BelPol (беларускія арганізацыі ў выгнанні), а таксама рэгіянальным цэнтрам правоў чалавека і праваабарончым цэнтрам ZMINA (Украіна).

Афіцыйны прадстаўнік Міжнароднага крымінальнага суда Фадзі эль-Абдала 9 кастрычніка паведаміў, што, нягледзячы на тое, што Беларусь не далучылася да Рымскага статута МКС, рэжым Лукашэнкі можа быць прыцягнуты да адказнасці за датычнасць да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый.

Падзяліцца: