Хрэнін заявіў пра неабходнасць стварэння новых механізмаў стабільнасці — на аснове міжнароднага права

26 чэрвеня, Позірк. “Асобныя краіны і іх кааліцыі” выбралі шлях “адкрытай мілітарызацыі і нарошчвання баявога патэнцыялу з пагрозай яго прымянення для рэалізацыі палітычных амбіцый”, заявіў міністр абароны Віктар Хрэнін 26 чэрвеня на нарадзе кіраўнікоў ваенных ведамстваў краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у кітайскім Цындао.
Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіць прэс-служба беларускага ваеннага ведамства, такія “падыходы і дзеянні” прывялі да таго, што ва Усходняй Еўропе, на Блізкім Усходзе і іншых рэгіёнах свету “адбываюцца буйныя ваенныя канфлікты”. Далейшая эскалацыя гэтых канфліктаў, заявіў ён, “здольная прывесці да непапраўных наступстваў у глабальным маштабе”, паколькі “цалкам рэальнай” стала пагроза “ўцягвання ядзерных дзяржаў у прамое супрацьстаянне”.
“Рукатворная дэградацыя архітэктуры міжнароднай бяспекі, створанай пасля Халоднай вайны, і разбурэнне мер даверу паміж дзяржавамі абумовілі новы віток гонкі ўзбраенняў, — сцвярджае Хрэнін. — У ім зроблена стаўка на выкарыстанне тэхналогій штучнага інтэлекту, смяротных аўтаномных сістэм узбраенняў, прымяненне якіх на сённяшні дзень не паддаецца кантролю і не мае належнага міжнароднага прававога рэгулявання. Актыўна ўдасканальваюцца і ўкараняюцца новыя формы і спосабы вядзення ваенных канфліктаў, у рамках якіх шырокі распаўсюд атрымалі тэрарыстычныя метады”.
Паводле сцвярджэння Хрэніна, міжнародныя арганізацыі, “закліканыя стаяць на варце міру і стабільнасці, самаўхіліліся ад выканання сваіх прамых задач” і “больш не перашкаджаюць пагібельным для чалавецтва працэсам, якія няўмольна вядуць планету на грань хаосу і разбурэння”.
У сувязі з гэтым, лічыць ён, “сістэма міжнароднай бяспекі, якая дзейнічала, мае патрэбу ў кардынальным пераглядзе і перабудове”. Сітуацыя патрабуе “стварэння новых, адаптаваных да сучасных рэалій механізмаў падтрымання стратэгічнай стабільнасці на рэгіянальным і глабальным узроўнях”.
“У аснову іх дзеяння мае быць закладзены шэраг важных прынцыпаў — вяршэнства міжнароднага права, павагі нацыянальных інтарэсаў, раўнапраўя суверэнных дзяржаў, непрымянення вайсковай моцы для дасягнення палітычных мэт, гарантавання бяспекі, але пры гэтым немагчымасці яе забеспячэння за кошт іншых краін”, — сказаў міністр, дадаўшы, што толькі сумеснымі намаганнямі можна “зрабіць свет бяспечным, справядлівым і дэмакратычным”.
Супраца ў мэтах “умацавання рэгіянальнай бяспекі”, як лічыць кіраўнік Мінабароны Беларусі, можа быць рэалізаваная з дапамогай “каардынацыі на міжнародных пляцоўках падыходаў да вырашэння важных вайскова-палітычных пытанняў”, “правядзення мерапрыемстваў, скіраваных на падвышэнне абараназдольнасці дзяржаў” ШАС, “сумеснага процідзеяння традыцыйным і новым небяспекам, уключаючы інфармацыйныя войны, каляровыя рэвалюцыі, пагрозы ў кіберпрасторы, экстрэмізм, тэрарызм і сепаратызм ва ўсіх праявах”.
Хрэнін не назваў “асобныя краіны і іх кааліцыі”, чые дзеянні, паводле яго слоў, прывялі да згаданых канфліктаў, аднак відавочна, што прадстаўнік рэжыму Аляксандра Лукашэнкі меў на ўвазе дзяржавы Захаду і заснаваныя імі саюзы.
Разам з тым прынцыпы, на якіх чыноўнік прапануе будаваць новыя “механізмы стабільнасці”, фактычна ўжо парушае адзін з членаў ШАС і галоўны саюзнік афіцыйнага Мінска — Расія.
Масква парушыла міжнароднае права, у прыватнасці Статут ААН, калі напала на Украіну ў лютым 2022 года. “Павага нацыянальных інтарэсаў” і “раўнапраўе суверэнных дзяржаў”, якія, згодна з прапановай Хрэніна, мусяць ляжаць у аснове падтрымання стабільнасці, не праглядаюцца ў рыторыцы і дзеяннях расійскага кіраўніцтва, якое адрынае існаванне ўкраінскага народа і адмаўляе Украіне ў суб’ектнасці.
“Непрымяненне вайсковай моцы для дасягнення палітычных мэт” таксама не ўкладваецца ў дзеянні Крамля, які, праводзячы агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да Украіны, выстаўляе палітычныя патрабаванні, напрыклад, дамагаецца яе пазаблокавага статусу і прызнання за РФ захопленых тэрыторый.
24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі надаў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а потым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская абмеркавала вызваленне палітвязняў з кіраўніком МЗС Эстоніі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПаказчыкі Нацыянальнага індэкса правоў чалавека застаюцца “стабільна нізкімі” — БХКМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Навіны Германіі
- Палітыка
- Грамадства