Мінск 22:57

Латвія падоўжыла да канца 2025 года рэжым узмоцненай аховы мяжы з Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: сайт урада Латвіі

26 чэрвеня, Позірк. Урад Латвіі 25 чэрвеня падоўжыў да канца 2025 года рэжым узмоцненай аховы мяжы з Беларуссю, паведамляе прэс-служба пагранведамства гэтай балтыйскай дзяржавы.

Рэжым, ва ўмовах якога паліцыя і Нацыянальныя ўзброеныя сілы павінны аказваць неабходную падтрымку Дзяржаўнай памежнай ахове, уведзены ў чатырох краях — Лудзенскім (воласці Брыгі, Цыбла, Цырма, Існауда, Істра, Лаўдэры, Нірза, Нюкшы, Пасіене, Пілда, Пурэні, Рундэні, Залессе; гарады Лудза і Зілупе); Краслаўскім (воласці Андрупене, Андзелі, Асуне, Аўлея, Берзіні, Дагда, Эзерніекі, Граверы, Індра, Ізвалта, Калніешы, Каплава, Кастуліна, Комбулі, Канстанцінава, Краслава, Кепава, Піедруя, Рабежніекі, Скайста, Сварыні, Шкаўне, Шкельтава, Удрышы; гарадах Краслава і Дагда); Аўгшдаўгаўскім (воласці Амбелі, Бікерніекі, Дземене, Калкуны, Лаўцэса, Ліксна, Малінава, Медумі, Навуене, Саліена, Скрудаліена, Свентэ, Шэдэрэ, Табары, Вецсаліена, Вішкі); Рэзэкненскім (воласць Каўната), а таксама горадзе Даўгаўпілс.

Рашэнне прынятае для “забеспячэння недатыкальнасці дзяржаўнай мяжы і ліквідацыі пагроз нацыянальнай бяспецы, паколькі працягваецца непрапарцыйна вялікая колькасць спробаў незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы Латвіі з Беларуссю”.

Згодна з паведамленнем латвійскай памежнай службы, з 1 студзеня па 25 чэрвеня прадухілена 5.534 спробы незаконнага перасячэння мяжы з боку Беларусі. Разам з тым сума сутачных спробаў парушэння мяжы, пра якія рэгулярна справаздачыцца гэта ж ведамства, іншая — 5.594 (супадаюць даныя па студзені — 132, лютым — 75, красавіку — 1.666; разыходзяцца па сакавіку — 148 згодна з апошнім паведамленнем памежнай службы і 118 у адпаведнасці з сумай яе сутачных даных, траўні — 2.248 супраць 2.247, чэрвені — 1.265 супраць 1.356).

Дзяржаўная памежная ахова Латвіі канстатавала, што фіксуюцца выпадкі пашкоджання агароджы на мяжы з Беларуссю і спробы незаконнага перасячэння. Таму ведамства лічыць асабліва важным “завяршыць будаўніцтва тэхнічнай інфраструктуры для абмежавання нелегальнай іміграцыі — гэта плануецца зрабіць да канца 2026 года”.

“Таксама неабходна забяспечыць каардынаваныя міждзяржаўныя дзеянні ў дачыненні да такіх парушэнняў мяжы, каб захаваць раўназначную ахову мяжы ўсіх краін рэгіёну з Беларуссю, — гаворыцца ў паведамленні. — Распачатая Расіяй вайна супраць Украіны, якую адкрыта падтрымлівае Беларусь, таксама разглядаецца як дадатковы фактар ​​рызыкі і магчымая матывацыя для Беларусі працягваць спробы дэстабілізацыі сітуацыі на мяжы з Латвіяй”.

“Не апошнюю ролю ў ацэнцы пагроз бяспецы дзяржаўнай мяжы адыгрывае і інфармацыя ў беларускіх СМІ пра магчымае запрашэнне 150.000 пакістанцаў для ліквідацыі недахопу працоўнай сілы ў краіне”, — адзначае ведамства.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС цягнецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія пагранічнікі не будуць спыняць мігрантаў, якія накіроўваюцца ў Еўрасаюз праз Беларусь, таму што іх туды “паклікалі”.

Падзяліцца: