Мінск 17:27

З Беларусі выдвараюць нігерыйскую студэнтку, абвінавачаную ў распаўсюдзе наркотыкаў

Фота: МУС

27 чэрвеня, Позірк. Пра высылку з Беларусі грамадзянкі Нігерыі паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што іншаземка з 2021 года “вучылася ў адной з ВНУ” Віцебска, яна “фігуравала па крымінальнай справе, звязанай з распаўсюджваннем наркатычных сродкаў”.

“Устаноўлена, што дзяўчына была працаўладкаваная ў інтэрнэт-краму, якая распаўсюджвае наркатычныя сродкі на пасаду “закладчыка”, але наркатычныя рэчывы для рэалізацыі не атрымала і да непасрэднай працы не прыступала”, — гаворыцца ў паведамленні.

У сувязі з гэтай сітуацыяй, як заяўляецца, у актавай залі Першамайскага раёна Віцебска “прайшло мерапрыемства, якое стала наглядным прыкладам наступстваў парушэння заканадаўства замежнікамі”. “Для ўдзелу ў мерапрыемстве былі запрошаныя замежныя студэнты з мэтай прафілактыкі здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў”, — падкрэслівае ведамства.

Грамадзянцы Нігерыі на пяць гадоў забаронены ўезд у Беларусь.

Напярэдадні паведамлялася, што за крадзеж булачкі ў краме, спробу вынесці ў кішэні фарш і праезд без квітка з Беларусі выправаджаны грамадзянін РФ — студэнт медуніверсітэта ў Гродне.

“Улічваючы неаднаразовыя факты правапарушэнняў, якія сведчаць пра тое, што грамадзянін Расіі на шлях выпраўлення станавіцца ў бліжэйшы час не мае намеру, камісія прыняла рашэнне пра яго высылку з краіны тэрмінам на 5 гадоў. У выпадку спробы ўехаць на тэрыторыю Беларусі ў гэты перыяд часу ў дачыненні да яго будзе ўзбуджаная крымінальная справа”, — паведамляе ведамства.

Адметна, што справа студэнта разглядалася публічна — проста ў Гродзенскім медуніверсітэце.

У паведамленні адзначана, што ў Беларусі навучаецца “больш за 100 тысяч замежных навучэнцаў з 30 краін свету”, аднак “гасціннасць не азначае ўседазволенасць”.

У траўні стала вядома пра высылку з Беларусі “ў добраахвотным парадку” грамадзяніна Туркменістана, які здзейсніў “правапарушэнне ў частцы датрымання да правілаў дарожнага руху”. Замежніку на год забаранілі вяртацца ў Беларусь.

Працэдура “азнаямлення” туркменскага грамадзяніна з прынятым рашэннем была праведзеная супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС Брэста “публічна ў сцянах Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна”, у якім вучыўся малады чалавек.

У тым жа месяцы паведамлялася пра выправаджэнне з Беларусі двух студэнтаў з Марока, якія зладзілі бойку ў Гомелі. У дачыненні да іх таксама былі праведзеныя працэдуры “публічных высылак <…> па месцах навучання, а таксама ў тэрытарыяльным падраздзяленні міліцыі”.

Бойка паміж грамадзянамі Марока адбылася ў Гомелі ў ноч на 22 красавіка. Згодна з версіяй МУС, замежнікі “высвятлялі стасункі праз бытавы канфлікт”.

22 красавіка МУС выступіла з заявай, у якой папярэдзіла пра незаконнасць распаўсюду “фэйкаў, якія спараджаюць паніку і распальваюць міжнацыянальную варожасць”.

Перад гэтым адзін з праўладных тэлеграм-каналаў абурыўся нібыта распаўсюджанымі ў сацсетках “дэструктыўнымі сіламі” чуткамі пра тое, што бойка адбылася паміж прадстаўнікамі “першага дэсанту з 150 тыс. пакістанцаў”, пра прапрацоўку магчымасці прыбыцця якіх у Беларусь заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка ў Мінску на сустрэчы з дэлегацыяй на чале з пакістанскім прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам.

У сувязі са здаржннем МУС заявіла, што “нягледзячы на ​​значнае павелічэнне колькасці гасцей, якія ўязджаюць у краіну, рост злачыннасці з іх удзелам не зафіксаваны”.

Падзяліцца: