Мінск 04:23

У нямецкім Бундэстагу аднавіла працу парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь”

Анатоль Лябедзька з нямецкімі парламентарыямі
Фота з тэлеграм-канала Ціханоўскай

1 ліпеня, Позірк. У нямецкім Бундэстагу аднавіла працу парламенцкая група “За дэмакратычную Беларусь”, паведамляе тэлеграм-канал кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай.

Адзначаецца, што гэта адзін з вынікаў візіту дарадцы Ціханоўскай па парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе Анатоля Лябедзькі ў Берлін.

Як заяўлена, пасля выбараў у нямецкі федэральны парламент група “За дэмакратычную Беларусь” абнавіла склад, “аб’яднаўшы дэпутатаў хрысціянска-дэмакратычнага саюзу, сацыял-дэмакратаў і зялёных”.

Згодна з інфармацыяй тэлеграм-канала дэмлідара, таксама дасягнутыя дамоўленасці наконт працягу праекта стажыровак для беларускай моладзі ў Бундэстагу. Адзначаецца, што летась там стажыравалася чацвёра беларусаў.

У Германіі плануецца распачаць кампанію ў падтрымку беларускіх палітвязняў. Паведамляецца, што яе старт можа быць прымеркаваны да дня народзінаў лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, заснавальніка і кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага (25 верасня).

Увосені таксама плануецца зладзіць “сустрэчу парламентарыяў, прадстаўнікоў чарнобыльскіх ініцыятываў і беларускай дыяспары дзеля старту праграм па аздараўленні дзяцей”.

“Парламенцкі канал” паведаміў, што Лябедзька таксама правёў чарговыя кансультацыі з першым віцэ-спікерам Сейма Літвы, кіраўніком групы “За дэмакратычную Беларусь” у літоўскім парламенце Юозасам Олекасам.

Бакі дамовіліся зладзіць сустрэчу групы з былымі палітвязнямі, каб “абмеркаваць, што можна рабіць дзеля вызвалення тых, хто застаецца за кратамі”.

Адзначаецца, што працягваюцца кансультацыі па праекту пагаднення аб супрацы Сейма Літвы і дэмакратычных сіл Беларусі. Плануецца абмеркаваць праект супольнай заявы “Аб спрыянні літоўска-беларускаму паразуменню ў пытаннях гістарычнай спадчыны і ідэнтычнасці дзеля будучыні і свабоды літоўскага і беларускага народаў”.

Акрамя таго, ідзе падрыхтоўка да 3-й сустрэчы альянсу “За дэмакратычную Беларусь”.

Першая група “За дэмакратычную Беларусь” з’явілася ў парламенце Літвы ў 2020 годзе.

У сакавіку 2023 года абвешчана пра стварэнне альянсу “За дэмакратычную Беларусь” аднайменнымі групамі ў парламентах шэрагу дэмакратычных краін. Першая сустрэча прадстаўнікоў альянсу адбылася ў лістападзе таго ж года ў Берліне, другая прайшла ў Рыме 6–7 сакавіка 2025-га. У дакуменце па выніках апошняй сустрэчы альянс заявіў пра нелегітымнасць Аляксандра Лукашэнкі.

Усяго ў альянс уваходзяць прадстаўнікі больш як 20 парламентаў. Іх колькасць змяняецца ў залежнасці ад часу правядзення парламенцкіх выбараў у тых ці іншых краінах, пасля якіх фармаванне груп “За дэмакратычную Беларусь” у нацыянальных парламентах праходзіць нанова.

Падзяліцца: