Мінск 08:18

Лукашэнка назваў палітвязняў “звяр’ём” і “бандытамі”

Відэа: тэлеграм-канал "Пул Першага" Стоп-кадр: "Позірк"

1 ліпеня, Позірк. Тэма палітвязняў абмяркоўвалася на сустрэчы са спецпрадстаўніком ЗША па пытаннях Украіны Кітам Келагам “нямала часу”, заявіў Аляксандр Лукашэнка 1 ліпеня на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасці.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, якога цытуе прэс-служба, пасля яго заўвагі амерыканская дэлегацыя перастала выкарыстоўваць на перамовах слова “палітвязень”.

Ён адзначыў, што не ўсе ў яго атачэнні падтрымалі рашэнне аб вызваленні палітвязняў, былі і тыя, хто лічыў: “Няхай бы яны здохлі там”.

“Слухайце, а ў нас што, мэта, каб яны там здохлі? Не дай бог, вядома. Гэта ж абвінавацяць рэжым. Гэта перш за ўсё мяне абвінавацяць. Таму да іх нармальна ставімся. Але турма — гэта не курорт. Здзекі недапушчальныя. Гэта дрэнныя людзі, гэта звяры, гэта злачынцы. Але я лічу, што гэта людзі”, — сказаў Лукашэнка.

“Таму перш чым разважаць пра нешта, асуджаць і гэтак далей, вы заўсёды задавайце пытанне: “Ну а якая мэта, дзеля чаго, навошта?”. Калі б яны ўсе здохлі там, нам было б вельмі цяжка, нас бы абвінавацілі, што гэта мы іх [давялі да смерці]. Таму тут палітыка. Яна не заўсёды павінна быць прамалінейнай. І я сам часта пра гэта кажу, бо я чалавек занадта прамалінейны часам. А трэба суцішыцца, часам падумаць пра будучыню, пра мэту, пра нашу дзяржаву”, — дадаў ён.

Назваўшы палітвязняў таксама “бандытамі”, Лукашэнка заявіў, што калі іх “павыпускаць”, гэта не значыць, што яны “заўтра ўзарвуць краіну”.

“Гэта бандыты, — паўтарыў ён. — Дзе яны знаходзяцца? Ведаеце. Хто ім грошы плаціць? Ведаеце. Калі б не плацілі, іх бы даўно ўжо не было. Значыць, у іх ёсць цікавасць да Беларусі. Таксама ведаеце, якая цікавасць. У гэтым заблытаным вузле палітычным трэба выстаяць, утрымацца і ні ў якім разе не падставіцца, абараняючы свае інтарэсы”.

Паводле слоў спікера, беларускія спецслужбы “бачаць і сур’ёзна кантралююць адпаведных людзей, але шмат чаго публічна не паведамляецца”.

Пра вызваленне 14 палітвязняў стала вядома неўзабаве пасля сустрэчы Лукашэнкі і Келага 21 чэрвеня.

Сярод вызваленых — муж Святланы Ціханоўскай, відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, былы супрацоўнік “Радыё Свабода” Ігар Карней, выкладчыца італьянскай мовы Наталля Дуліна, актывіст анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскі-Ханада, уладальніца беларускага і шведскага грамадзянства Галіна Краснянская, бізнесмен Сяргей Шэлег, удзельнік закрытага чата “Саюз беларускага нацыянальнага шчыта” Кірыл Балахонаў.

Таксама былі вызваленыя Алан Ройё (грамадзянін Эстоніі), Юрыйс Ганінс і Дзмітрыйс Міхайлаўс (грамадзяне Латвіі). Акрамя таго, паводле звестак СМІ, на волю выйшаў Ежы Жывалеўскі (грамадзянін Польшчы).

Імёны яшчэ траіх афіцыйна не названыя, яны з’яўляюцца грамадзянамі Польшчы (двое) і Японіі.

У 2022–2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерлі як мінімум сем чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зняволенымі. Гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзмітрый Шлетгаўэр.

20 траўня стала вядома, што напачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. Дакладная дата смерці і яе абставіны невядомыя. Таксама няма інфармацыі, ці памёр Штэрмер у папраўчай калоніі або быў шпіталізаваны.

Шэраг палітвязняў таксама памерлі неўзабаве пасля вызвалення.

Падзяліцца: