Мінск 20:29

Архіепіскап Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы плануе зарэгістраваць місію ў Чарнігаве

Архіепіскап Святаслаў Логін
Крыніца: БАПЦ

6 ліпеня, Позірк. Зарэгістраваць у Чарнігаве (Украіна) місію Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) плануе архіепіскап Святаслаў Логін.

“Паводле канонаў мы не можам адкрыць беларускую парафію ў Чарнігаве, бо гэта кананічная тэрыторыя ўкраінскай памеснай царквы. Але місію, нешта такое кшталту амбасады — можам і цяпер клапоцімся пра гэта. Хочацца, каб гэта было афіцыйна, каб місія была зарэгістраваная”, — заявіў святар у інтэрв’ю “Позірку”.

“Мы пастаянна збіраем дапамогу беларускім ваярам, зыходзячы з іх патрэбаў. Збіраем і ў ЗША, і ў Канадзе, зімой збіралі і тут, у Чарнігаве, сярод украінцаў. Сітуацыя склалася так, што ўкраінцы дапамагаюць украінцам, а мы мусім дбаць пра нашых беларусаў. Зімой мы з дапамогай украінцаў сабралі вельмі патрэбныя на фронце рэчы: цеплавізар, генератар, газавыя гарэлкі, цёплыя рэчы, у тым ліку вязаныя шкарпэткі, спэцыяльныя цёплыя паясы, акопныя свечкі, добрую ежу ад мясцовых фермераў — мяса, сала”, — распавёў Логін.

Акрамя таго, паводле яго слоў, ладзіліся сустрэчы з дэпутатамі, бізнесменамі, якія хочуць падтрымаць беларусаў.

Логін нарадзіўся ў 1964 годзе ў Чарнігаве, у сям’і з беларускімі каранямі, з-пад Навагрудка. Праваслаўны святар, архіепіскап БАПЦ, служыць у ЗША. У лістападзе 2020 года абвясціў анафему Аляксандру Лукашэнку.

Цалкам інтэрв’ю Святаслава Логіна пакуль даступнае толькі падпісчыкам “Позірк+”

Падзяліцца: