Мінск 04:59

Абвясціўшы АПК “тэрарыстычнай арганізацыяй”, рэжым Лукашэнкі паказаў страх перад ім, лічыць Латушка

Архіўны відэазапіс: прэс-служба Латушкі / стоп-кадр: "Позірк"

9 ліпеня, Позірк. Рашэнне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі абвясціць Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК) “тэрарыстычнай арганізацыяй” ёсць паказчыкам “страхаў дыктатара і важнасці працы Кабінета як інстытута дэмакратычных сіл”, такое меркаванне выказаў намеснік кіраўніцы АПК, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

“Намагаючыся дыскрэдытаваць нас, Лукашэнка толькі прызнае, што бачыць у АПК альтэрнатыву яго незаконнаму кіраванню, — цытуе палітыка прэс-служба Кабінета. — Ён спрабуе знішчыць гэтую альтэрнатыву, спрабуе атакаваць нашыя інстытуты, але ў чарговы раз паказвае, хто з’яўляецца сапраўднай тэрарыстычнай арганізацыяй. Гэта яго рэжым. І адказнасць за пераслед беларусаў, за злачынствы непазбежная”.

На думку Латушкі, дзеянні рэжыму скіраваныя на тое, каб абмежаваць магчымасці АПК ўзаемадзейнічаць з беларусамі. Гэта таксама “спроба абмежаваць магчымасці падтрымкі” дзейнасці АПК з боку міжнародных партнёраў.

“Адначасова спецслужбы падвысілі мяжу свайго процідзеяння членам Кабінета як асобам, што ўваходзяць у так званую тэрарыстычную арганізацыю, — адзначыў Латушка. — Гэта важна прымаць нашым партнёрам да ўвагі. Мы яшчэ раз звяртаемся да ўрадаў усіх краін (за выключэннем Літвы, якая ўжо зрабіла гэты крок): гэта чарговы прыклад пераследу, здзейсненага экстэрытарыяльна. Гэта пераслед беларусаў за мяжой за абсалютна легальную палітычную дзейнасць у рамках заканадаўства краін — чальцоў ЕС, і на гэта неабходна рэагаваць прававымі метадамі. Важна падтрымаць зварот урада Літвы ў Міжнародны крымінальны суд аб адказнасці Лукашэнкі за трансгранічныя злачынствы”.

Палітык перакананы, што прызнанне АПК “тэрарыстычнай арганізацыяй” з боку рэжыму Лукашэнкі “ніякім чынам не паўплывае” на дзейнасць гэтай палітычнай структуры “як выканаўчага органа на чале са Святланай Ціханоўскай”. “Дзейнасць АПК скіравана на тое, каб Беларусь была вольнай, дэмакратычнай і незалежнай дзяржавай. Гэта не паўплывае на маю дзейнасць, а таксама на дзейнасць маіх калег і каляжанак па Кабінеце”, — запэўніў ён.

Раней АПК выступіў з заявай, у якой назваў апошнія дзеянні рэжыму Лукашэнкі ў дачыненні да яго “чарговым актам палітычнага пераследу і прапаганды, скіраваным на дыскрэдытацыю дэмакратычных сіл, якія адстойваюць правы беларускага народа на свабоду і дэмакратыю”.

9 ліпеня Вярхоўны суд прызнаў “тэрарыстычнай арганізацыяй” АПК, які ўзначальвае беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, разам з “структурнымі падраздзяленнямі, што уваходзяць у яго склад”.

Пра тое, што генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у ВС заяву аб прызнанні АПК “тэрарыстычнай арганізацыяй”, стала вядома 30 красавіка. Ініцыятарам выступіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

Ціханоўская абвясціла пра стварэнне АПК і прызначыла яго першых прадстаўнікоў на канферэнцыі “Новая Беларусь” 9 жніўня 2022 года ў Вільнюсе.

Задачамі АПК яна назвала “абарону незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, прадстаўленне нацыянальных інтарэсаў, ажыццяўленне фактычнай дэакупацыі краіны”.

Падзяліцца: