Навучаць праектаванню беспілотнікаў у Беларусі будуць ад 5 да 5,5 года

11 ліпеня, Позірк. У Беларусі навучанне па спецыяльнасцях “Хімічная тэхналогія энерганасычаных матэрыялаў і вырабаў” і “Праектаванне і тэхналогія беспілотных авіяцыйных комплексаў” будзе весціся ў рамках бесперапыннай вышэйшай адукацыі, вынікае з пастановы Міністэрства адукацыі № 95 ад 6 чэрвеня.
Дакумент, які зацвярджае стандарты спецыяльнай вышэйшай адукацыі, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале 11 ліпеня — больш як праз месяц пасля падпісання.
Па абедзвюх спецыяльнасцях у рамках бесперапыннай адукацыі тэрмін навучання ў дзённай форме складае 5 гадоў, з вечаровай форме — 5,5 года. Напрыканцы навучання належыць абараніць магістарскую дысертацыю.
Працаёмкасць навучальных планаў па абедзвюх спецыяльнасцях складае 300 навучальных адзінак. Тым, хто паспяхова засвоіў навучальную праграму і абараніў магістарскую дысертацыю, будуць надаваць кваліфікацыі “Інжынер. Хімік-тэхнолаг” і “Інжынер. Тэхнолаг” адпаведна.
У стандартах апісваюцца ўніверсальныя, базавыя прафесійныя і паглыбленыя прафесійныя кампетэнцыі, якія павінны мець спецыялісты, што засвоілі навучальную праграму, патрабаванні да арганізацыі адукацыйнага працэсу і выніковай атэстацыі.
Набор студэнтаў на згаданыя спецыяльнасці анансаваў міністр адукацыі Андрэй Іванец 1 ліпеня ў Магілёве на сумесным пасяджэнні калегій адукацыйных ведамстваў Беларусі і РФ.
Паводле слоў чыноўніка, набор пачнецца “з гэтага года”, гаворка пра спецыяльнасці, якіх “раней у Беларусі не было”.
З расійскага боку, дадаў ён, вызначаны “партнёр” для навучання па названых спецыяльнасцях — Казанскі федэральны ўніверсітэт.
“Гэта вельмі важны кірунак для забеспячэння абараназдольнасці нашай краіны. Гэта тыя унікальныя спецыялісты, што патрэбны для працы ў адпаведных галінах Саюзнай дзяржавы”, — заявіў міністр.
Навучанне новым спецыяльнасцям будзе рэалізаванае ў рамках “развіцця сеткавага універсітэта Саюзнай дзяржавы, канцэпцыя якога цяпер распрацаваная”, адзначыў кіраўнік ведамства.
Стварэнне згаданага “сеткавага ўніверсітэта” было анансаванае ў студзені 2024 года на форуме “Прамысловы дыялог: Расія — Рэспубліка Беларусь” у Екацярынбургу.
Дзяржаўны сакратар СД Дзмітрый Мезенцаў (пакінуў пасаду сёлета 17 красавіка) заявіў тады пра неабходнасць “дбайна разгледзець прапанову пра стварэнне ўніверсітэта высокіх тэхналогій Саюзнай дзяржавы з размяшчэннем яго ў беларускай сталіцы”.
5 лістапада 2024 года прэм’ер-міністр РФ Міхаіл Мішусцін падпісаў пастанову “Аб ходзе стварэння Сеткавага універсітэта высокіх тэхналогій Саюзнай дзяржавы”. Згодна з дакументам, “апорнымі пунктамі” праекта сталі Казанскі федэральны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.
“Мы пераходзім да практычнай рэалізацыі стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы. Працягнем стварэнне Сеткавага ўніверсітэта высокіх тэхналогій Саюзнай дзяржавы. Ён будзе арыентаваны на падрыхтоўку кадраў, што запатрабаваныя нашымі эканомікамі”, — сказаў Мішусцін.
6 сакавіка 2025 года паведамлялася, што Расія прапанавала стварыць у Беларусі “завод па вытворчасці беспілотных авіяцыйных сістэм з магутнасцю да 100 тыс. адзінак штогод”. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову РФ.
За некалькі дзён да гэтага, 4 сакавіка, Лукашэнка звярнуў увагу новапрызначанага намесніка прэм’ер-міністра Віктара Каранкевіча (курыруе прамысловы сектар) на рост попыту на БПЛА і боепрыпасы.
24 верасня 2024 года на нарадзе з вайскоўцамі на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне (Брэсцкая вобласць) Лукашэнка заявіў пра неабходнасць рыхтавацца да вайны. Беспілотную авіяцыю пры гэтым ён назваў “сур’ёзнай навінкай”.
29 верасня намеснік дырэктара па навучальнай працы ДТСААФ Сяргей Петрусеў паведаміў, што ў 2026 годзе ў ДТСААФ (Добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту) плануюць рыхтаваць аператараў БПЛА для сілавых структур.
7 кастрычніка на арганізаванай Мінабароны нарадзе з рэктарамі ўстаноў вышэйшай адукацыі абмяркоўвалася падрыхтоўка аператараў беспілотных лятучых апаратаў, у тым ліку стварэнне спецыялізаванай кафедры ў Ваеннай акадэміі.
15 лістапада начальнік упраўлення выкарыстання і развіцця беспілотных авіяцыйных комплексаў Узброеных сіл Міхаіл Бранскі сцвярджаў, што ў Беларусі “паспяхова вырашылі праблему з ударнымі БПЛА”. УС, паводле яго слоў, у 2024 годзе “шчыльна працавалі” з прадпрыемствамі Дзяржкамваенпрама, значная колькасць узораў, якія распрацоўваюцца на замову арміі беларускімі прадпрыемствамі, “ужо прынятая на ўзбраенне”.
Паведамлялася, што па выніках праведзеных выпрабаванняў у 2025 годзе УС будуць мець “шырокую лінейку ўдарных беспілотнікаў”: “Чакан-В” з далёкасцю палёту да 30 кіламетраў, “Міратворац” ды інш.

- Эканоміка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы за год падаражэлі на 9%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ЭканомікаЕЭК: У Беларусі, Казахстане і Расіі ў траўні вырасла афіцыйнае беспрацоўеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаБеларусь у траўні была на другім месцы ў ЕАЭС паводле падаражэння прампрадукцыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства