Польшча ўвяла санкцыі супраць зарэгістраванага ў Казахстане пастаўшчыка фанеры, за якім стаіць Беларусь

11 ліпеня, Позірк. Зарэгістраваная ў Казахстане кампанія QARTREE LLP, за якой стаіць Беларусь, унесеная ў санкцыйны спіс Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (МУСіА) Польшчы за экспарт расійскай і беларускай фанеры.
Інфармацыя пра абмежавальныя меры з’явілася на сайце польскай Нацыянальнай падатковай адміністрацыі (НПА), якая была ініцыятарам адпаведнага рашэння МУСіА.
ННА сцвярджае, што фактычнай краінай паходжання фанеры, якую пастаўляе згаданая кампанія, з’яўляецца Расія ці Беларусь.
Адзначаецца, што заснавальнікам QARTREE LLP, зарэгістраванай у Казахстане ў верасні 2022 года, з;яўляецца кампанія з РФ. У сваю чаргу гэтая расійская кампанія належыць “беларускаму гіганту ў сферы вытворчасці мэблі і дрэваапрацоўкі, у тым ліку бярозавай фанеры”.
Паводле інфармацыі ННА, казахстанскія кампаніі часта выступаюць экспарцёрамі расійскай бярозавай фанеры ў Польшчу. У другой палове 2024 года МУСіА задаволіла чатыры заявы падатковай адміністрацыі пра санкцыі ў дачыненні да такіх кампаній.
Зробленыя захады, падкрэслівае ННА, сталі вынікам маніторынгу, які яна пастаянна праводзіць у дачыненні да асоб або арганізацый, “якія наўпрост або ўскосна падтрымліваюць агрэсію РФ супраць Украіны пачатую 24 лютага 2022 года”, “сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі”, тых, чые дзеянні “ўяўляюць іншую сур’ёзную пагрозу дэмакратыі або вяршэнству закона ў РФ або Беларусі”.
Для QARTREE LLP уключэнне ў санкцыйны спіс азначае замарозку ўсіх яе фінансавых і эканамічных рэсурсаў, забарону на іх далейшае наданне наўпрост ці ўскосна, выключэнне з працэдуры дзяржаўных закупак ці конкурсаў. Звязаныя з кампаніяй асобы могуць быць унесеныя ў рэестр замежнікаў, знаходжанне якіх непажаданае на тэрыторыі Польшчы.
Не выключана, што пад згаданым “беларускім гігантам у сферы вытворчасці мэблі і дрэваапрацоўкі” маецца на ўвазе ЗАТ “Холдынгавая кампанія “Пінскдрэў”.
Паводле даных сэрвісу праверкі контрагентаў Statsnet, кіраўніком унесенага ў польскі санкцыйны спіс ТАА “QARTREE” з’яўляецца Наталля Слоква.
Згодна з матэрыяламі, якія ў 2023 годзе апублікаваў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, Слоква ў траўні 2022 года, незадоўга да таго, як санкцыі супраць беларускага лесу набылі моц, заснавала ў Карагандзе (Казахстан) кампанію “Мануфактура плюс” — разам з “Мэблевым Гандлёвым Домам KZ”, які належыць “Пінскдрэву”, — па адрасе афіцыйнага гандлёвага прадстаўніцтва згаданага беларускага прадпрыемства.
12 траўня стала вядома, што мытна-падатковая служба (МПЗ) Мазавецкага ваяводства Польшчы пад наглядам Акруговай пракуратуры ў Варшаве вядзе расследаванне па фактах мытнага махлярства і злачынстваў, звязаных з парушэннем санкцый Еўрасаюза на імпарт бярозавай фанеры з Беларусі і Расіі.
Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, адзначала МПЗ, адна з польскіх кампаній імпартуе беларускую бярозавую фанеру праз кампаніі з Казахстана, тым самым парушаючы санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі і РФ.
Згодна з паведамленнем службы, праваахоўнікі затрымалі траіх чалавек, якія “арганізавалі злачынную дзейнасць”. Праведзеныя вобшукі па месцы жыхарства падазраваных, у службовых памяшканнях і на складах на тэрыторыі Мазавецкага, Вялікапольскага і Падляскага ваяводстваў. Вынятыя бухгалтарская дакументацыя, электроннае абсталяванне, а таксама фанера, якая знаходзілася на складах. Узоры тавару ўзятыя для лабараторных даследаванняў.
Акруговая пракуратура ў Варшаве выставіла затрыманым абвінавачанні ў мытным махлярстве і здзяйсненні злачынства, звязанага з абыходам санкцый.
Падазраваных на тры месяцы змясцілі пад варту. Паведамлялася, што ім пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 3 год і штрафу.
Актывы фігурантаў былі змешчаныя пад заклад для пакрыцця магчымых штрафаў і канфіскацыі любога прыбытку, атрыманага ад злачыннай дзейнасці.
Сёлета напрыканцы студзеня арганізацыя Earthsigth паведамляла ў сваім расследаванні, што з ліпеня 2022 года, калі Еўрасаюз увёў абмежаванні на імпарт прадукцыі дрэваапрацоўкі з Беларусі і Расіі, па кастрычнік 2024-га ў ЕС закупілі падсанкцыйнай фанеры з гэтых краін на 1,5 млрд еўра.
Фанера з Беларусі і РФ афармляецца як прадукцыя, вырабленая ў іншых краінах, напрыклад, у Кітаі, Казахстане, Грузіі і Турцыі, пасля чаго адпраўляецца на еўрапейскі рынак. Найбуйнейшымі імпарцёрамі выступаюць Польшча, Эстонія, Германія, Грэцыя, Італія, Іспанія і Партугалія. Кожны дзень, сцвярджалася ў расследаванні, у ЕС увозяць 22 кантэйнеры з падсанкцыйным таварам.
Напрыканцы красавіка брытанскае выданне The Guardian паведаміла, што падсанкцыйная беларуская драўніна з Беларусі і РФ увозіцца ў Вялікабрытанію.
9 ліпеня стала вядома, што Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да вядомага беларускага бізнесмена Аляксандра Машэнскага.

- Эканоміка
- ЭканомікаБудаўніча-мантажныя работы за год падаражэлі на 9%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ЭканомікаЕЭК: У Беларусі, Казахстане і Расіі ў траўні вырасла афіцыйнае беспрацоўеМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаБеларусь у траўні была на другім месцы ў ЕАЭС паводле падаражэння прампрадукцыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства