Мінск 10:25

Праваабаронцы: Законапраект аб “прапагандзе гомасексуальнасці, бяздзетнасці і змены полу” супярэчыць Канстытуцыі

11 ліпеня, Позірк. Намеры ўлады ўвесці адказнасць за распаўсюд “інфармацыі з мэтай фарміравання ў грамадзян уяўленняў пра прывабнасць гомасексуальных стасункаў, змены полу, бяздзетнасці” супярэчаць Канстытуцыі Беларусі і міжнародным абавязацельствам дзяржавы, гаворыцца ў сумеснай заяве беларускай праваабарончай супольнасці, апублікаванай 11 ліпеня.

Асуджаючы праект закона “Аб змене кодэксаў па пытаннях адміністрацыйнай адказнасці”, які ўводзіць артыкул 19.16 “Прапаганда гомасексуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці, педафіліі”, праваабаронцы разглядаюць дзеянні ўладаў як “адкрытую атаку на правы чалавека і асабістыя свабоды, у тым ліку свабоду выказвання меркаванняў, права на недыскрымінацыю і права на асабістае жыццё”.

На думку аўтараў заявы, забарона на “фарміраванне ўяўленняў пра прывабнасць” пэўных аспектаў асабістага жыцця (сексуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці, рэпрадуктыўнага выбару) “ўскосна канстатуе іх няправільнасць і фактычную незаконнасць”.

“Асаблівую заклапочанасць выклікае тое, што пад катэгорыю “прапаганды” пры адвольнай трактоўцы могуць трапляць публічныя праявы сваёй ідэнтычнасці ЛГБТК+ людзьмі або нават іх публічнае існаванне, любыя выказванні ў падтрымку роўнасці, асветніцкія матэрыялы, мастацкія творы, прысвечаныя праблемам дыскрымінацыі і прасоўванню роўнасці. Гэта стварае глебу для масавай цэнзуры, пераследу незалежных СМІ, актывістаў і цэлых супольнасцяў, уключаючы іх асобных прадстаўнікоў і прадстаўніц”, — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Згадванне педафіліі ў адным шэрагу з гомасексуальнасцю, трансгендарнасцю і бяздзетнасцю аўтары называюць “яўнай спробай дыскрэдытацыі і дэманізацыі цэлых сацыяльных груп, што недапушчальна ў прававой дзяржаве”.

Яны лічаць, што палітыка дзяржавы носіць “паслядоўны і мэтаскіраваны” характар па дыскрымінацыі па падставе сексуальнай арыентацыі, гендарнай ідэнтычнасці і рэпрадукцыйнага выбару.

Праваабаронцы нагадваюць, што ў 2024 годзе былі ўнесены змены ў інструкцыю Міністэрства культуры, якія адвольна пашырылі вызначэнне тэрміна “парнаграфія”, а таксама папраўкі ў закон пра правы дзіцяці (прыняты ў другім чытанні ў чэрвені 2025 года), якія пашырылі пералік інфармацыі, шкоднай для здароўя і развіцця дзіцяці.

Прапанаваны ўладай законапраект, на думку аўтараў заявы, “умацоўвае гэтыя неправавыя палажэнні галінавага заканадаўства інструментам прыцягнення да адказнасці і, адпаведна, умацоўвае рэпрэсіўны механізм у гэтай сферы”: “Мы звяртаем увагу Палаты прадстаўнікоў, а таксама міжнароднай супольнасці на недапушчальнасць прыняцця падобных законаў. Яны не бароняць грамадскую мараль, а, наадварот, стымулююць у грамадстве нянавісць, варожасць і рэпрэсіі ў адносінах да меншасцяў”.

Праваабаронцы запатрабавалі ад урада адклікаць праект артыкула 19.16 у частцы, што тычыцца гомасексуальнасці, змены полу і бяздзетнасці, а ад парламента — “спыніць практыку прыняцця заканадаўства, якое абмяжоўвае свабоду слова і падзяляе грамадзян па прыкметах прыналежнасці да розных груп”.

Дакумент падпісалі праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларускі ПЭН, Lawtrend, Human Constanta і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Аб унясенні ў Палату прадстаўнікоў названага законапраекта паведамлялася 10 ліпеня.

Паводле яго палажэнняў, дзеянні, прызнаныя парушэннямі, пацягнуць накладанне штрафу на фізічную асобу ў памеры да 20 базавых велічынь (на сёння 840 рублёў), на індывідуальнага прадпрымальніка — да 100 б.в. (4.200), на юрыдычную асобу — ад 100 да 150 б.в. (4.200–6.300).

Пры гэтым “дзеянне, прадугледжанае часткай першай гэтага артыкула, што пацягнула азнаямленне непаўналетняга з такой інфармацыяй”, пацягне накладанне штрафу ў памеры ад 20 да 30 базавых велічынь (840–1.260 рублёў) або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт; для ІП — ад 100 да 150 б.в., для юр. асобы — ад 150 да 200 б.в. (6.300–8.400).

Аб’яднанне BelPol 19 лютага мінулага года паведамляла, што Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях плануецца дапоўніць артыкуламі 19.14 (прапаганда гомасексуальных адносін або змены полу) і 19.16 (прапаганда бяздзетнасці).

Генеральны пракурор Андрэй Швед 9 лютага 2024 года на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі паведаміў, што “паводле ініцыятывы органаў пракуратуры” падрыхтаваны законапраект, які прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за прапаганду “нетрадыцыйных сямейных адносін”.

У лістападзе мінулага года Швед паведамляў, што ў Беларусі плануецца ўвядзенне псіхалагічнага тэсціравання педагогаў на прадмет выяўлення схільнасці да здзяйснення палавых злачынстваў у дачыненні да дзяцей.

Падзяліцца: