Мінск 22:37

Аэрастат з кантрабанднымі цыгарэтамі прызямліўся ў літоўскім Каўнасе — за 100 км ад мяжы з Беларуссю

Фота чытачкі партала Kas vyksta Kaune

12 ліпеня, Позірк. Аэрастатычны шар з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі прызямліўся ў ноч на 11 ліпеня ля прагімназіі Віктараса Куправічуса ў літоўскім Каўнасе, паведамляе гарадскі партал Kas vyksta Kaune (“Што адбываецца ў Каўнасе”).

Варта адзначыць, што адлегласць ад мяжы з Беларусью да месца прызямлення складае каля 100 кіламетраў.

Пра знаходку паведамілі ў акруговай паліцэйскі камісарыят, адтуль інфармацыю перадалі ў Службу аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ). Пасля груз перададуць памежнікам, ён будзе далучаны да дасудовага расследавання, якое вядзе Варанскі памежны атрад.

Афіцыйны прадстаўнік САДМ Гедрус Мішуціс паведаміў згаданаму медыя, што шар транспартаваў каля 1,5 тыс. пачкаў цыгарэт.

“Зыходзячы з першаснай інфармацыі, падобна, што гэта той выпадак, які сустракаецца ўсё часцей — шары ляцяць нашмат далей ад мяжы, — сказаў ён. — Яны маюць такія тэхнічныя магчымасці — могуць ляцець далёка. Хоць запускаюцца ўглыбі Беларусі, шары здольныя пераадольваць не толькі дзясяткі, але і больш за сто кіламетраў пры спрыяльных умовах надвор’я і кірунку ветру”.

“Шар падымаецца ўглыбі тэрыторыі Беларусі, не проста ля мяжы, а за некалькі кіламетраў ад яе. У пахмурны дзень, як цяпер, ён узнімаецца проста ўверх на вышыню, скажам, пяць кіламетраў і ляціць на высокай хуткасці — часам яна перавышае 120 кіламетраў на гадзіну”, — адзначыў прадстаўнік САДМ, звярнуўшы ўвагу на тое, што сістэмы назірання памежнага ведамства “прыстасаваныя да выяўлення парушэнняў менавіта на зямлі”.

“Кантроль паветранай прасторы ажыццяўляецца Вайскова-паветранымі сіламі. У памежнікаў проста няма тэхнічных магчымасцей адсочваць аб’екты высока ў небе, па-за зонай бачнасці”, — канстатаваў ён.

Мішуціс прызнаў, што колькасць кантрабандных перавозак з дапамогай аэтастатаў “значна расце”.

“Сёлета маем ужо 330 такіх выпадкаў. За ўвесь мінулы год іх было 226. Такая форма кантрабанды з дапамогай паветраных шароў апошнім часам стала асабліва папулярнай праз узмоцненую ахову мяжы на зямлі ды іншыя захады, якія робяцца”, — паведаміў прадстаўнік САДМ.

На мяжы з Літвой зноў затрымалі дваіх беларусаў з аэрастатычным шарам

9 ліпеня, Позірк. У вёсцы Плябанішкі (Гродзенскі раён), якая знаходзіцца прыкладна за 6 км ад мяжы з Літвой, 9 ліпеня затрымалі дваіх грамадзян Беларусі, вынікае з паведамлення Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. Паводле сцвярджэння ведамства, яны "планавалі ажыццявіць супрацьпраўную дзейнасць на мяжы". …
Падзяліцца: