Мінск 20:46

Падпісаны закон аб змяненнях у сацстрахаванні і пенсіённым забеспячэнні

14 ліпеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змене законаў па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і пенсійнага забеспячэння”, паведаміла яго прэс-служба.

Ён дае плацельшчыкам падатку на прафесійны даход права самастойна даплачваць у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ўзносы на пенсіённае страхаванне для фарміравання сваіх будучых пенсіённых гарантый.

Для індывідуальных прадпрымальнікаў устанаўліваецца дыферэнцыраваны парадак выплаты ўзносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў залежнасці ад атрыманых імі даходаў. Таксама прадугледжваецца прадаўжэнне тэрмінаў выплаты такіх узносаў і поўная аўтаматызацыя працэсаў узаемадзеяння з ФСАН.

Законам “робяцца больш жорсткімі меры адказнасці для работадаўцаў, якія выплачваюць заработную плату ў канвертах, з адначасовым зніжэннем сацыяльных гарантый для атрымальнікаў дадзенай заработнай платы”.

Органам ФСАН даецца права выносіць самастойныя рашэнні “аб спагнанні запазычанасці з суб’ектаў гаспадарання ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам аб выканаўчым вядзенні”.

У красавіку, калі законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні, паведамлялася, што законапраект не прадугледжвае ўстанаўленне ІП дыферэнцыраванага памеру ўзносаў у ФСАН, аднак гэтая норма ў выніку захавана.

Аляксандр Лукашэнка 3 снежня 2024 года падпісаў закон аб бюджэце Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Даходы бюджэту ФСАН разлічаны ў суме 32 млрд 775,6 млн рублёў (10,7% да бюджэту на 2024-ы).

Колькасць грамадзян, асуджаных па абвінавачанні ў злачынствах супраць “парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці”, за апошнія пяць гадоў павялічылася на 70% (з 303 у 2019 годзе да 515 у 2024-м).

Паводле праведзенага “Позіркам” аналізу дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, кожны пяты (20,6%) фігурант быў прызнаны вінаватым за “ўхіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў” — 106 (155; -31,6%).

На думку акадэмічнага дырэктара даследчага цэнтра BEROC Льва Львоўскага, перад беларускай пенсіённай сістэмай стаяць выклікі, якія патрабуюць комплекснага рашэння.

Падзяліцца: