Мінск 23:22

Лукашэнка назваў порт у Санкт-Пецярбургу “асноўнай дарогай у свет” для беларускіх тавараў

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

14 ліпеня, Позірк. Марскі порт у Санкт-Пецярбургу з’яўляецца “асноўнай дарогай у свет” для беларускіх тавараў, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы 14 ліпеня ў Мінску з губернатарам гэтага расійскага горада Аляксандрам Бягловым.

Лукашэнка, як паведамляе яго прэс-служба, падзякаваў Бяглову за падтрымку будаўніцтва “порта ў Бронцы”.

“Разам з вамі мы яшчэ больш зможам зрабіць. Але на гэтым этапе мы вельмі ўдзячныя за тую падтрымку, якую вы аказваеце. Мы перавязем сёлета праз гэты порт каля 7 млн тон розных грузаў. І сыпкіх грузаў, і нафтапрадуктаў. Будзем грузіць усё. Будзем развіваць гэты порт. Мы плануем (7 млн тон — гэта зусім няшмат для нас) яшчэ і ў Мурманск выйсці. Гэта рэзервовае такое месца, але там трэба будаваць гэты порт, і на гэта сыдзе нямала гадоў”, — сказаў Лукашэнка.

1 лютага 2022 года спыніўся экспарт калійных угнаенняў праз літоўскі порт у Клайпедзе.

2 сакавіка 2023 года міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка (цяпер нябожчык) заявіў, што беларускія ўлады маюць намер “найбліжэйшым часам” набыць тэрмінал Бронка ў Вялікім порце Санкт-Пецярбурга.

Чыноўнік адзначыў, што Бронка з’яўляецца “базавым тэрміналам” для перавалкі беларускіх грузаў.

25 красавіка таго ж года падчас штогадовай справаздачы перад дэпутатамі Мурманскай абласной думы губернатар рэгіёну Андрэй Чыбіс паведаміў, што ў траўні будзе прынятае рашэнне пра месца будаўніцтва ў Мурманску порта для перавалкі беларускіх мінеральных угнаенняў.

25 траўня тагачасны прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка наведаў меркаваныя месцы размяшчэння порта. “Месцы выдатныя. У прынцыпе, можна пачынаць будаваць. Засталося пару спрэчных пытанняў вырашыць, тэрыторыю перадаць”, — сказаў ён.

У чэрвені 2024 года стывідорная кампанія “Балтыйскі судамеханічны завод“ (БСМЗ) у порце Санкт-Пецярбурга прыпыніла перавалку калійных угнаенняў па кантракце з “Беларуськаліем“. Прычынай стала нязгода беларускага прадпрыемства з коштам перавалкі. Пецярбургскае выданне “Фантанка“ паведамляла аб пачатку перамоваў, і адзначала, што “ў агляднай будучыні” працэс будзе адноўлены.

10 сакавіка гэтага года “Позірк” паведамляў, што беларускія ўлады разлічваюць на значнае павелічэнне аб’ёмаў перавалкі грузаў праз марскія парты на паўночным захадзе Расіі. Гэта вынікае са службовага ліста міністра транспарту і камунікацый Аляксея Ляхновіча, накіраванага кіраўніку Мінтранса РФ Раману Старавойтаву.

Дакумент, датаваны 26 чэрвеня 2024 года, мае грыф “Для службовага карыстання”. Яго копію “Позірку” прадаставіла аб’яднанне BelPol.

19 сакавіка паведамлялася, што Беларусь і РФ у 2025 годзе плануюць завяршыць шэраг работ па рэканструкцыі чыгуначных шляхоў для павелічэння перавозак тавараў у паўночна-заходнія расійскія парты.

“Імкнемся як мага хутчэй завяршыць рэканструкцыю ўчастка, які звязвае Беларусь і нашы парты Паўночнага Захаду, і рухацца далей у развіцці нашых адносін. У тым ліку і порт Мурманск абмяркоўвалі“, — заявіў першы намеснік генеральнага дырэктара Расійскіх чыгунак Сяргей Паўлаў.

Падзяліцца: