Мінск 23:32

43 арганізацыі запатрабавалі вызвалення праваабаронцаў, асуджаных па справе “Вясны”

Акцыя салідарнасці з беларускімі праваабаронцамі ў няволі (14 ліпеня 2025, Вільнюс)
Фота: “Позірк”

14 ліпеня, Позірк. Выконваць вяршэнства права, “неадкладна і безумоўна” вызваліць усіх членаў цэнтра “Вясна” і іншых рэпрэсаваных праваабаронцаў заклікалі беларускія ўлады 43 арганізацыі, а таксама экс-спецдакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.

Заява, апублікаваная на сайце Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека, прымеркаваная да чацвёртай гадавіны затрымання кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча.

У дакуменце адзначаецца, што праваабаронцы прыгавораныя 3 сакавіка 2023 года па “сфабрыкаваных і палітычна матываваных абвінавачваннях” да 10, 9 і 7 гадоў пазбаўлення волі адпаведна і “па-ранейшаму знаходзяцца ў адвольным зняволенні, пастаянна падвяргаюцца суровым умовам утрымання і жорсткаму абыходжанню”.

Падкрэсліваецца, што “становішча Алеся Бяляцкага выклікае глыбокую трывогу: перапіска з сям’ёй нестабільная — жонка апошні раз атрымлівала ад яго ліст у снежні 2024 года, і, верагодна, яе лісты да яго не дайшлі”. “Таксама няма ніякіх доказаў таго, што ён атрымлівае адэкватную і своечасовую медыцынскую дапамогу ў сувязі са сваімі хранічнымі захворваннямі, што выклікае сур’ёзныя асцярогі з нагоды пагаршэння яго здароўя з-за ўмоў утрымання”, — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца, што “жорсткія рэпрэсіі супраць праваабарончага цэнтра “Вясна” — “адной з вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый, якая ўжо даўно знаходзіцца ў авангардзе беларускага праваабарончага руху”, — “па-ранейшаму выклікаюць сур’ёзную занепакоенасць”.

“Рэпрэсіі супраць арганізацыі і яе членаў з’яўляюцца часткай больш маштабнага падаўлення грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, асабліва пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Пасля пратэстаў улады закрылі ўсе праваабарончыя і іншыя незалежныя арганізацыі, у выніку чаго ў краіне не засталося ніводнай легальна дзейнай праваабарончай арганізацыі”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

Канстатуецца, што па стане на 2 ліпеня 2025 года ў Беларусі па меншай меры 1.164 чалавекі заставаліся “незаконна затрыманымі паводле палітычных матываў”, сярод іх, акрамя Бяляцкага, Стэфановіча і Лабковіча, — праваабаронцы Марфа Рабкова (15 гадоў пазбаўлення волі) і Анастасія Лойка (7 гадоў). “Усе яны падвяргаліся пераследам, жорсткаму абыходжанню і/або катаванням, а таксама былі пазбаўленыя доступу да юрыдычнай дапамогі”, — гаворыцца ў заяве.

Адзначаецца, што, паводле даных платформы SOS-Defenders, цяпер у Беларусі “адвольна затрымана” не менш за 38 работнікаў СМІ, 6 адвакатаў і 27 прафсаюзных дзеячаў.

Арганізацыі, якія падпісалі дакумент, заклікалі беларускія ўлады “гарантаваць пры любых абставінах фізічную недатыкальнасць і псіхалагічны дабрабыт Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча і Марфы Рабковай, а таксама ўсіх іншых адвольна затрыманых праваабаронцаў, і неадкладна і безумоўна вызваліць іх”.

Яны заяўляюць, што “асуджаюць рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі, падкрэсліваючы неабходнасць спынення палітычна матываваных, адвольных пераследаў і жорсткага абыходжання з праваабаронцамі ў Беларусі”.

У звароце таксама ўтрымліваецца заклік да Мінска аб “міжнародным супрацоўніцтве і неадкладным спыненні ўсіх формаў палітычна матываваных пераследаў, уключаючы эскалацыю транснацыянальных рэпрэсій, накіраваных супраць беларускіх праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці ў цэлым, як у Беларусі, так і за мяжой”.

Заяву падпісалі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт, “Вясна”, арганізацыі з Украіны, Арменіі, Казахстана, Грузіі і інш.

Рэжым Лукашэнкі ўзяў членаў цэнтра "Вясна" ў закладнікі, але ў яго не атрымалася спыніць праваабаронцаў — Сапелка

14 ліпеня, Позірк. Больш за 20 чалавек правялі 14 ліпеня ў цэнтры Вільнюса акцыю салідарнасці з беларускімі праваабаронцамі, якія знаходзяцца ў няволі. Пікет адбыўся ў чацвёртую гадавіну затрымання кіраўніка праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі …
Падзяліцца: