Рэжым Лукашэнкі ўзяў членаў цэнтра “Вясна” ў закладнікі, але ў яго не атрымалася спыніць праваабаронцаў — Сапелка

14 ліпеня, Позірк. Больш за 20 чалавек правялі 14 ліпеня ў цэнтры Вільнюса акцыю салідарнасці з беларускімі праваабаронцамі, якія знаходзяцца ў няволі. Пікет адбыўся ў чацвёртую гадавіну затрымання кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча і каардынатара кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча.
Член часовай рады цэнтра “Вясна” юрыст Павел Сапелка ў размове з журналістамі адзначыў, што чатыры гады таму рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўзяў калег-праваабаронцаў “у закладнікі”.
“Сёння для нас гэта нагода нагадаць, што чатыры члены праваабарончага цэнтра “Вясна” знаходзяцца за кратамі, у тым ліку Марфа Рабкова, якая была затрыманая не ў гэты дзень, а яшчэ раней, знаходзіцца ў зняволенні ўжо амаль пяць гадоў”, — сказаў ён.
Сапелка падкрэсліў, што на гэты момант, “дзякуючы намаганням еўрапейскай і амерыканскай дыпламатыі, ужо больш як 300 чалавек атрымалі свабоду раней, чым ім было прадпісана прыгаворамі судоў”. “Гэта дастаткова сур’ёзны вынік перагаворнага і ў цэлым палітычнага працэсу. Мы спадзяёмся, што гэты працэс не спыніцца, і ў тым ліку нашыя калегі хаця б у гэтым парадку змогуць атрымаць свабоду”, — адзначыў суразмоўца.

Паводле слоў праваабаронцы, неабходна “чыніць ціск на палітычныя сілы, у першую чаргу на прадстаўнікоў беларускага рэжыму і беларускі рэжым у цэлым”, “рэгулярна нагадваць еўрапейскім, амерыканскім, брытанскім дыпламатам і палітычным ведамствам, што, на жаль, беларусы зараз не маюць іншых механізмаў, інструментаў, акрамя знешнепалітычнай падтрымкі і знешнепалітычнага ціску”.
“Мы павінны нагадваць у міжнародных арганізацыях — ААН, АБСЕ — пра сітуацыю з Беларуссю, беларусамі; нагадваць, што ў турмах рэжыму знаходзяцца лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (Бяляцкі быў уганараваны ёю ў кастрычніку 2022 года. — “Позірк”.), праваабаронцы, журналісты, дзеячы прафсаюзаў”, — падкрэсліў ён.
Ацэньваючы на просьбу “Позірку” тое, як заключэнне кіраўніцтва “Вясны” паўплывала на беларускі праваабарончы рух, Сапелка адзначыў, што “тады гэта быў дужа балючы ўдар па “Вясне”, наступствы якога цяжка пераацаніць”.

“Нашыя калегі, сябры зараз у турмах, іх сем’і чакаюць сваіх бацькоў, мужоў. Усё, што атрымалася ў рэжыму, гэта адпомсціць нашым калегам за іх праваабарончую дзейнасць, пастаянную грамадскую працу, пазнавальнасць, працу на справу абароны правоў чалавека ў Беларусі. Але калі ўлады хацелі дамагчыся гэтым ударам таго, каб праваабаронцы перасталі працаваць, падтрымліваць людзей, то ў іх гэта не атрымалася”, — канстатаваў член часовай рады праваабарончага цэнтра.
3 сакавіка 2023 года Алесь Бяляцкі быў прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі, Валянцін Стэфановіч — да 9, Уладзімір Лабковіч — да 7. Праваабаронца Дзмітрый Салаўёў, які знаходзіцца за мяжой, завочна асуджаны па гэтай справе на 8 гадоў зняволення.
Каардынатар валанцёрскай службы праваабарончага цэнтра “Вясна” Марфа Рабкова апынулася ў няволі за 10 месяцаў да затрымання кіраўніцтва праваабарончага цэнтра — 17 верасня 2020 года. Праз два гады, 6 верасня 2022-га, яе прыгаварылі да 15 гадоў зняволення па палітычна матываванай “справе анархістаў” (па выніках разгляду скаргі тэрмін скарацілі да 14 гадоў і 9 месяцаў).
Затрыманы 2 кастрычніка 2020 года валанцёр “Вясны” Андрэй Чапюк, які праходзіў па той жа справе, быў прыгавораны да 6 гадоў пазбаўлення волі (пазней тэрмін знізілі на тры месяцы). У красавіку 2025 года Чапюк выйшаў на волю і пакінуў Беларусь.
У жніўні 2023 года Міністэрства ўнутраных спраў прызнала “Вясну” “экстрэмісцкім фарміраваннем”.

Стомленыя крытыкай. Як у Беларусі спрабуюць падмяніць праваабаронцаў імітатарамі
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- ПалітыкаВячорка: Новы віток рэпрэсій у дачыненні да сваякоў палітэмігрантаў — вялікі выклікМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- АнонсыАнонсы падзей на 14 ліпеня — 31 жніўня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства