Мінск 11:51

Польскі перавозчык спрабаваў увезці ў Беларусь без дэкларавання 14 матацыклаў

Фота: ДМК

24 чэрвеня, Позірк. Аб спыненні спробы незаконнага ўвозу ў Беларусь з Польшчы 14 кросавых матацыклаў паведаміў 24 чэрвеня Дзяржаўны мытны камітэт.

Матацыклы выяўленыя ў пункце пропуску Казловічы (з сумежнага боку — Кукурыкі) у аўтамабілі MAN, які належыць польскаму перавозчыку.

Адзначаецца, што падазрэнне ўзнікла “яшчэ на этапе вагагабарытнага кантролю”, паколькі “фактычная вага тавараў склала амаль 4 тоны замест заяўленых у суправаджальных дакументах 2 тон”.

Пры аглядзе грузавога аддзялення транспартнага сродку супрацоўнікі мытні і выявілі не ўказаныя ў дэкларацыі матацыклы.

Паведамляецца, што іх кошт склаў каля 500 тыс. рублёў, з прычыны чаго беларускі бюджэт мог недаатрымаць 89 тыс. рублёў мытных плацяжоў.

У дачыненні да перавозчыка распачаты адміністрацыйны працэс паводле арт. 15.5 КаАП (недэклараванне альбо прадстаўленне недакладных звестак аб таварах). Санкцыяй артыкула прадугледжаны штраф да 30% ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.

Падзяліцца: