Мінск 16:33

Прэзідэнт Узбекістана наведае Беларусь у ліпені, Мінск спадзяецца на мільярдны тавараабарот з гэтай краінай па выніках года

Ілюстрацыйнае фота: Aboodi Vesakaran / unsplash.com

23 чэрвеня, Позірк. Візіт прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Беларусь чакаецца 8–9 ліпеня, паведаміў беларускі прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын 23 чэрвеня пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Кіраўнік урада выказаў спадзеў на тое, што беларуска-ўзбекскі тавараабарот па выніках 2026 года дасягне 1 млрд долараў. Ён таксама заявіў пра “амбітныя задачы” падвоіць гэты паказчык у 2030 годзе.

Пра тое, што Узбекістан і Беларусь распрацоўваюць праграму па павелічэнні тавараабароту да 2 млрд долараў ЗША да 2030 года, у траўні паведамлялі ўзбекскія СМІ.

Згодна з іх данымі, па выніках 2025 года аб’ём узаемнага гандлю вырас на 25% да 965 млн долараў (у 2024-га — 774 млн, у 2023-га — 654,7 млн), а за першы квартал 2026 года павялічыўся амаль на 50%, склаўшы 259,7 млн ​​долараў.

Беларускія даныя крыху больш сціплыя: сёлета ў лютым амбасадар Беларусі ва Узбекістане Аляксандр Агароднікаў заяўляў, што, папярэдне, па выніках 2025 года знешнегандлёвы абарот Беларусі і Узбекістана перавысіў 850 млн долараў.

Паводле яго слоў, Беларусь пастаўляе на ўзбекістанскі рынак прадукцыю сельгасмашынабудавання, дрэваапрацоўкі, прадукты (мяса, малочную прадукцыю, лекі), у адваротным кірунку ідуць “садавіна, вінаград, кавуны, дыні — тое, да чаго ўжо прызвычаіліся беларускія пакупнікі”.

Сам жа Турчын, паводле інфармацыі прэс-службы ўрада, заявіў 17 чэрвеня на пленарным пасяджэнні V Міжнароднага інвестыцыйнага форуму “Устойлівасць інвестыцый: новыя гарызонты, новыя партнёрствы” ў Ташкенце, што “за папярэднія 10 гадоў аб’ём узаемнага гандлю таварамі вырас больш як у 13 разоў. Вынікі 2025 года і першага квартала 2026 года пацвярджаюць зададзены тэмп”.

Прэм’ер таксама адзначыў, што кіраўнікамі Беларусі і Узбекістана “пастаўленая цалкам дасягальная задача — выйсці на 2 мільярды долараў узаемнага тавараабароту на працягу некалькіх гадоў”.

Падзяліцца: