Мінск 19:18

СБУ паведаміла пра затрыманне ў Кіеве агента ФСБ — трапіла ва Украіну праз Беларусь, планавала забойства расійскага апазіцыянера

Фота: СБУ

22 верасня, Позірк. Пра затрыманне ў Кіеве “кілера ФСБ” паведаміла 22 верасня Служба бяспекі Украіны (СБУ).

Такім чынам, як заяўлена, было прадухілена “яшчэ адно рэзананснае забойства”.

Адзначаецца, што затрыманая жанчына атрымала ад Федэральнай службы бяспекі РФ (ФСБ) заданне “ліквідаваць расійскага апазіцыянера, які цяпер ачольвае адну з агульнаўкраінскіх грамадскіх арганізацый”.

“Кілерка павінна была застрэліць актывіста з баявога пісталета з засады каля аднаго са сталічных спартзалаў, дзе ён працуе трэнерам па кікбоксінгу”, — гаворыцца ў паведамленні.

СБУ ўдакладняе, што расійскі апазіцыянер з 2022 года ваяваў за Украіну супраць РФ.

“Супрацоўнікі СБУ спрацавалі на апярэджанне і затрымалі фігурантку паблізу спарткомплексу, калі яна праводзіла даразведку мясцовасці, каб выбраць агнявую пазіцыю для замаху”, — паведамляе спецслужба.

Паводле матэрыялаў справы, заданне ФСБ выконвала “завербаваная ворагам беспрацоўная жыхарка часова акупаванага Мелітопаля”.

Паводле даных украінскай спецслужбы, жанчына пагадзілася выканаць заданне “ў абмен на закрыццё справы аб незаконным захоўванні наркотыкаў”.

“Завербаваная агентка прайшла курс падрыхтоўкі на базе мясцовага філіяла ФСБ, дзе яе навучалі мерам канспірацыі, арыентаванню на мясцовасці і стральбе з агнястрэльнай зброі. Пасля завяршэння трэніровак кілерку пераправілі ў Жытомір транзітам праз тэрыторыю Беларусі, а затым яна прыбыла ў Кіеў”, — сцвярджаецца ў рэлізе.

Паведамляецца, што ў сталіцы Украіны “фігурантка рэгулярна мяняла адрасы гатэляў”. Пазней яна атрымала ад куратара з РФ “каардынаты схрону ў лесапаркавай зоне сталіцы, дзе забрала пісталет з патронамі”.

СБУ заяўляе, што падчас ператрусу ў гасцінічным нумары жанчыны выяўлена зброя, а таксама канфіскаваны “смартфон, з якога яна кантактавала з куратарам ад ФСБ”, асоба якога ўжо ўстаноўлена.

Распачата крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 111 Крымінальнага кодэкса Украіны (дзяржаўная здрада, учыненая ва ўмовах ваеннага становішча).

Жыхарка Мелітопаля знаходзіцца пад вартай. Ёй, як адзначаецца, пагражае пажыццёвае пазбаўленне волі.

Перапраўлены праз Беларусь агент РФ прыгавораны ва Украіне да 15 гадоў зняволення

18 ліпеня, Позірк. 19-гадовы жыхар Кіева прызнаны вінаватым у дзяржздрадзе і скончаным замаху на здзяйсненне тэракту і прыгавораны да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, паведаміла 18 ліпеня прэс-служба Офіса генеральнага пракурора Украіны. Паводле інфармацыі ўкраінскага нагляднага органа, малады …
Падзяліцца: