Мінск 20:03

Шэсць банкаў паведамілі пра новаўвядзенні ў працы з кліентамі

Фота: старонка "Альфа-Банка" ў "Фэйсбуку"

22 верасня, Позірк. Шэсць банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведамілі пра змяненне асобных правілаў абслугоўвання і прадставілі новыя магчымасці для кліентаў, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз актуальнай інфармацыі іх прэс-служб.

“Альфа Банк” змяніў правілы прыёму праз касу банка наяўных расійскіх рублёў для залічэння на рахунак фізічнай асобы-нерэзідэнта. Банк будзе спаганяць камісію ў памеры 15% ад сумы, залічанай на рахунак кліента: з 17 верасня — па бягучых рахунках у расійскіх рублях, адкрытых з гэтай даты; з 20 кастрычніка — па бягучых рахунках у расійскіх рублях, адкрытых да 16 верасня ўключна.

“Белаграпрамбанк” з 1 кастрычніка зніжае працэнтныя стаўкі па дзеючых крэдытах на фінансаванне жылля. На думку банка, гэта “дазволіць кліентам скараціць выдаткі на выплату працэнтаў і знізіць нагрузку на сямейны бюджэт”. Зніжэнне закране крэдытныя дагаворы, якія дзейнічаюць па стане на 1 кастрычніка, па якіх працэнтная стаўка перавышае 15,5% гадавых. Калі стаўка прывязана да стаўкі рэфінансавання Нацбанка, яна будзе разлічвацца па формуле “стаўка рэфінансавання +6,25 працэнтнага пункта”. У далейшым такая стаўка будзе змяняцца пры змяненні стаўкі рэфінансавання.

Банк “БелВЭБ” прыпыніў да 20 кастрычніка папаўненне тэрміновых адзыўных дэпазітаў юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у беларускіх рублях па дзейных дэпазітных дамовах, якія заключаны да 20 верасня ўключна, з працэнтнай стаўкай ад 5,35% гадавых і вышэй. Па астатніх укладах для юрыдычных асоб і ІП умовы папаўнення застаюцца нязменнымі.

“Белгазпрамбанк” увёў новыя камісіі за ўзнагароджанне па бягучых (разліковых) банкаўскіх рахунках фізасоб, доступ да якіх забяспечваецца з дапамогай банкаўскіх плацежных картак. Пры выпуску асноўнай карткі БЕЛКАРТ “Максімум” у рамках варыянта прадукту “Прэміяльная” па бягучым рахунку ў беларускіх рублях будзе прымяняцца дыферэнцыраваная працэнтная стаўка ў залежнасці ад рэшты грашовых сродкаў: ад 0,01 да 299,99 рубля — 0,001% гадавых; ад 300 да 499,99 — 1%; ад 500 да 2.999,99 — 2%; ад 3.000 і больш — 3%.

“Неа Банк Азія” за прыём наяўных расійскіх рублёў праз свае касы будзе спаганяць з фізічных асоб-нерэзідэнтаў камісію ў памеры 15%.

“Парытэтбанк” з 23 верасня змяняе памер працэнтных ставак па новых укладах для фізічных асоб: безадзыўныя ўклады “Стабільны даход” у беларускіх рублях і “Безадзыўны Online” з тэрмінам размяшчэння 1.110 дзён — 14,5% гадавых; безадзыўныя ўклады “Стабільны даход” у расійскіх рублях і “Безадзыўны Online” у расійскіх рублях з тэрмінам размяшчэння 90 дзён — 8,5% гадавых; з тэрмінам размяшчэння 180 дзён — 7,5% гадавых.

У Беларусі зарэгістраваны 21 банк (тры з іх — са стопрацэнтным замежным удзелам). Іх статутны капітал — 12 млрд 261,8 млн рублёў (+7,6% у гадавым вымярэнні).

Нарматыўны капітал на пачатак жніўня складаў 25 млрд 498,2 млн рублёў (+7,3% за 12 месяцаў); дастатковасць нарматыўнага капіталу — 19% (-0,5 працэнтнага пункта); актывы, схільныя да крэдытнай рызыкі, — 131 млрд 536,6 млн (+13%); актывы, якія не абслугоўваюцца, — 2 млрд 459,3 млн (-17%).

Прыбытак на 1 жніўня 2026 года склаў 2 млрд 153,6 млн рублёў — на 20,8% менш, чым на аналагічную дату 2025-га.

Запазычанасць фізасоб па крэдытах на 1 жніўня 2026 года склала 32 млрд 346,6 млн рублёў (год таму — 28 млрд 192,3 млн; +14,7%): па спажывецкіх — 13 млрд 380,7 млн (11 млрд 113,2 млн; +20,4%), на фінансаванне нерухомасці — 18 млрд 939,6 млн (17 млрд 43,6 млн; +11,1%).

Пратэрмінаваная запазычанасць дасягнула 58 млн рублёў (48 млн; +20,8%): па спажывецкіх крэдытах — 56,7 млн (47,1 млн; +20,4%), на фінансаванне нерухомасці — 1,3 млн (0,9 млн; +44,4%).

Як паведамляў “Позірк”, сярэднія стаўкі па крэдытах банкаў (у нацыянальнай валюце, без уліку міжбанкаўскіх крэдытаў) знізіліся на 0,06 працэнтнага пункта — з 10,21% у чэрвені да 10,15% у ліпені 2026 года.

Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 жніўня 2026 года склала 68 млрд 866,5 млн рублёў — на 12,6% больш, чым на аналагічную дату 2025-га (61 млрд 172,3 млн), паказаў праведзены “Позіркам” аналіз даных рэгулятара.

Пратэрмінаваная запазычанасць на ўказаную дату — 386,3 млн рублёў (зніжэнне ў 1,5 разу).

Нацбанк знізіў на верасень 2026 года разліковыя велічыні стандартнай рызыкі.

Для новых інвестыцыйных крэдытаў, выдадзеных юрасобам (за выключэннем ільготных), яны зніжаны з 10,69% да 10,45% (тут і далей гадавых), для новых крэдытаў, прадастаўленых юрасобам (за выключэннем ільготных, інвестыцыйных), — з 12% да 11,79%.

Стаўкі для новых крэдытаў фізічным асобам (за выключэннем ільготных) знізяцца з 17,83% да 17,65%, для новых тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізасоб у рублях з тэрмінам вяртання ад года да трох гадоў — з 12,9% да 12,6%, для новых тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб у рублях з тэрмінам вяртання больш за тры гады — з 14,62% да 14,5%.

1 чэрвеня рэгулятар знізіў стаўку рэфінансавання з 9,75% да 9,25%.

Падзяліцца: