Мінск 13:20

Кіраўнічы супрацоўнік прадпрыемства ў Гомельскай вобласці падазраецца ў нанясенні шкоды на паўмільёна рублёў

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

13 кастрычніка, Позірк. У дачыненні да службовай асобы аднаго з прадпрыемстваў Гомельскай вобласці распачатая крымінальная справа за “перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў”, паведаміў 13 кастрычніка начальнік аддзела абласнога ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Арцём Новікаў.

У відэакаментарыі, апублікаваным прэс-службай Міністэрства ўнутраных спраў, прадстаўнік УБЭЗ заявіў, што 54-гадовы фігурант, “усведамляючы, што не паспявае пабудаваць складскія памяшканні для належнага захоўвання” больш як 1,5 тыс. тон ільнотрасты, “вырашыў ад яе пазбавіцца”.

Сцвярджаецца, што той аддаў “незаконнае распараджэнне падначаленым вывезці ўвесь аб’ём з тэрыторыі, а ў дакументы ўнесці загадзя ілжывыя звесткі, што сыравіна перапрацаваная”.

Паводле звестак УБЭЗ, матэрыяльная шкода перавысіла 520 тыс. рублёў.

Паводле слоў Новікава, затрыманаму можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўлення волі. З гэтага вынікае, што дзеянні, у здзяйсненні якіх падазраюць фігуранта, кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў).

18 верасня падчас візіту на аб’екты ААТ “Гавяды-Агра” (Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці) Аляксандр Лукашэнка прыгразіў чыноўнікам турмой за дрэннае церабленне лёну.

“Вы хацелі паказаць, як не трэба працаваць? За гэта трэба ў турму саджаць, — сказаў ён. — Гэта такое церабленне лёну? Агідна. Я ад цябе (звяртаючыся да кіраўніка Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі, — “Позірк”.) гэтага не чакаў. А вам (кіраўніку Мінсельгасхарча Юрыю Горлаву і свайму памочніку ў рэгіёне Надзеі Каткавец, — “Позірк”.) я б параіў спыніць займацца тэорыяй, а пачаць займацца канкрэтнымі справамі. Гэта жах, кашмар. Будзем разбірацца. Такога быць не павінна. Лён — вы яго прыбралі тут? Вы яго загубілі тут. Тут лёну няма. А тое, што засталося, — гэта гніллё”.

“Калі б у савецкія часы такое было, вам бы адразу кайданкі надзелі і пасадзілі ў турму. Да “не магу” павінна быць усё ўзарана”, — запатрабаваў Лукашэнка.

Падзяліцца: