Лукашэнка, які прадракаў Украіне паразу за “тры-чатыры дні”, іранізуе з краін Балтыі і Польшчы

13 кастрычніка, Позірк. “Ні тры балтыйскія дзяржавы [з ліку] былых рэспублік Савецкага Саюза, ані Польшча не маюць дастатковую моц, каб задаволіць свае жаданні, асабліва вайсковыя”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 кастрычніка ў Мінску на нарадзе з сілавікамі.
“Вы, напэўна, заўважылі ў сродках масавай інфармацыі апошнім часам пільную ўвагу нашых заходніх так званых партнёраў да таго, што адбываецца ва ўзброеных сілах нашай краіны, — цытуе палітыка яго прэс-служба. — Іх перш за ўсё занепакоіў той факт, што мы занадта часта, вельмі прадметна і інтэнсіўна праводзім праверкі часцей узброеных сіл. Не толькі арміі, але ўсіх узброеных сіл”.
“Карыстаючыся цяперашнім выпадкам, хачу сказаць для іх, што ніякай надзвычайшчыны тут няма. Адкрыта і шчыра было сказана мною, што мы рыхтуемся да вайны, каб яе пазбегнуць. Ні на каго мы нападаць не збіраемся, як апошнім часам у СМІ нашы заходнія “сябры” разгарнулі кампанію, што Расія нападзе на краіны Балтыі як мінімум, магчыма, на Польшчу з тэрыторыі Беларусі і разам з Беларуссю”, — заявіў ён.
На адрас Беларусі, адзначыў Лукашэнка, гучыць крытыка, што яна збіраецца “прабіць Сувалкскі калідор у кірунку Калінінградскай вобласці”: “Я не хачу тут апраўдвацца перад імі. Гэта поўнае глупства”.
Паводле яго слоў, Польшча “закупляе танкі, іншае ўзбраенне, якое сёння нятаннае”. “Дроў для насельніцтва няма, а танкі ды іншую вайсковую тэхніку закупляць трэба”, — з’іранізаваў спікер.
Фізічныя бар’еры, якія суседнія краіны Еўрасаюза пабудавалі, каб абараніцца ад міграцыйнага ціску, які ідзе з беларускай тэрыторыі, на думку Лукашэнкі, толькі дапамагаюць Беларусі.
“Дзякуй ім, кажу як вайсковы чалавек вам — вайсковым людзям. Дзякуй ім, што яны пабудавалі гэты плот. У выпадку агрэсіі з іх боку (а калі агрэсія і здарыцца, яна можа быць толькі з іх боку, з нашага боку гэтага не будзе), ім давядзецца гэты плот пераадольваць. Гэта нам выгадна. Таму, калі яны пабудуюць яшчэ дзве лініі такіх платоў, мы будзем ім толькі ўдзячныя. Гэта глупства неверагоднае з боку некаторых вайскоўцаў… Хутчэй за ўсё, не вайскоўцаў, а там жа “разумныя” грамадзянскія “стратэгі”. Гэта іх тактыка — адгарадзіцца плотам. Бог з імі, няхай адгароджваюцца”, — заявіў ён.
Лукашэнка таксама выказаўся пра “ядзерны шчыт Еўропы”. “Гледзячы на ўжо не раз агучаныя агрэсіўныя планы асобных еўрапейскіх дзяржаў і іх лідараў, да месца сёння казаць не пра шчыт. Хутчэй, гэта меч у руках бяздумных палітыкаў. Але яны павінны разумець і ўсведамляць, што гэты меч востры з абодвух бакоў. Я пра ядзерную зброю”, — сказаў палітык.
4 лютага 2022 года — за 20 дзён да поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі — Лукашэнка ў інтэрв’ю расійскаму прапагандысту Уладзіміру Салаўёву заявіў, што Украіна “ніколі з намі”, маючы на ўвазе АДКБ, “не будзе ваяваць”.
“Гэтая вайна працягнецца максімум тры-чатыры дні. Там не будзе каму супраць нас ваяваць. Тыя, каго там паказваюць з гэтымі драўлянымі аўтаматамі, як яны трэніруюцца… Дык мы цяпер выйдзем з табой у суседнюю залу, здымем на мабільны тэлефон гэтую трэніроўку і пакажам. І як толькі крыху запахла, [прэзідэнт Украіны] Валодзя Зяленскі адразу спалохаўся”.
Украіна абараняецца ўжо больш за чатыры з паловай гады.

- Эканоміка
- ЭканомікаАдмоўнае сальда знешняга гандлю інвестыцыйнымі таварамі за восем месяцаў вырасла ў 1,8 разаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаБольшасць моладзі, імаверна, не ведае пра існаванне смяротнага пакарання ў Беларусі — прадстаўнік РАДАМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаДля рэжыму Лукашэнкі смяротнае пакаранне ніколі не было пытаннем права, яно было прадметам палітычнага гандлю — юрыстМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаУ першыя гады незалежнасці Беларусі сфера выкарыстання смяротнага пакарання звужалася, але ўсё змянілася пасля 2020 года — ДэйкалаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаРАДА пры падтрымцы Савета Еўропы стварыла сайт для прыцягнення ўвагі да праблемы смяротнага пакарання ў Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаЛітва застаецца на баку ўсіх, хто імкнецца да дэмакратычнай Беларусі — прадстаўніца МЗС балтыйскай краіныМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства

