Мінск 08:44

Лукашэнка разлічвае на пашырэнне “ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва” з Саудаўскай Аравіяй

23 верасня, Позірк. Мінск адкрыты для “шчырага дыялогу” з Эр-Рыядам і “пашырэння супрацоўніцтва ва ўсіх сферах узаемнай цікавасці”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 23 верасня з Нацыянальным днём караля Саудаўскай Аравіі Сальмана бен Абдэль Азіза аль-Сауда і наследнага прынца, прэм’ер-міністра гэтай дзяржавы Мухамеда бен Сальмана бен Абдэль Азіза аль-Сауда.

“Сёння каралеўства дасягнула выдатных поспехаў у палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і культурна-гуманітарнай сферах. Істотна вырас аўтарытэт краіны на міжнароднай арэне. З павагай адзначаю, што нават ва ўмовах ваенна-палітычнай напружанасці ў рэгіёне саудаўскі народ пад вашым кіраўніцтвам праяўляе стойкасць, адзінства і салідарнасць”, — цытуе віншавальніка яго прэс-служба.

Паводле слоў Лукашэнкі, бакі “адкрылі новыя перспектыўныя напрамкі сумеснай работы ў сферах штучнага інтэлекту, лічбавай трансфармацыі эканомікі і дзяржаўнага кіравання”.

Аўтар паслання “пацвердзіў імкненне Беларусі да пашырэння ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў гандлі, інвестыцыях і навуцы, а таксама ў галінах сельскай гаспадаркі і прамысловасці, дзе абедзве краіны маюць значны патэнцыял”.

“Ва ўмовах павелічэння напружанасці і росту непрадказальнасці ў свеце вы можаце цалкам разлічваць на Беларусь як на надзейнага партнёра і добрага сябра”, — гаворыцца ў віншаванні.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Саудаўскай Аравіяй устаноўленыя 6 чэрвеня 1997 года. У афіцыйнага Мінска няма дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Саудаўскай Аравіі (інтарэсы прадстаўляе амбасада ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах). Аналагічна інтарэсы Эр-Рыяда ў Беларусі прадстаўляе амбасада ў Маскве.

Паводле інфармацыі беларускага знешнепалітычнага ведамства, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 42,3 млн долараў (-26,4% да 2020 года), з якога на беларускі экспарт прыйшлося 6,1 млн. Актуальныя даныя ў адкрытым доступе адсутнічаюць.

Гл. таксама:

КДБ упаўнаважаны на правядзенне перамоў з Саудаўскай Аравіяй аб узаемнай абароне сакрэтнай інфармацыі

У МЗС абмеркавана супрацоўніцтва з Іранам і Саудаўскай Аравіяй 

Падзяліцца: