Мінск 16:12

За крадзеж 15 тыс. рублёў галоўны бухгалтар прадпрыемства ў Мядзельскім раёне асуджаная на 4 гады зняволення з адтэрміноўкай

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

22 верасня, Позірк. Суд Мядзельскага раёна (Мінская вобласць) прыгаварыў галоўнага бухгалтара аднаго з мясцовых гандлёвых прадпрыемстваў да 4 гадоў пазбаўлення волі паводле ч. 3 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

65-гадовая жанчына таксама аштрафаваная на 100 базавых велічынь (4,5 тыс. руб.) і на 5 гадоў пазбаўленая права займаць пасады, звязаныя з адміністрацыйна-гаспадарчымі паўнамоцтвамі.

Адзначаецца, што суд выкарыстаў у дачыненні да фігуранткі справы ч. 2 арт. 77 КК і адтэрмінаваў выкананне асноўнага пакарання — пазбаўлення волі — на 2 гады. Дадатковае пакаранне не адтэрмінаванае.

Паводле інфармацыі Генпракуратуры, справа разглядалася на выязным пасяджэнні — у сельскім выканкаме.

Заяўлена, што фігурантка, сумяшчаючы пасады галоўнага бухгалтара і бухгалтара ў арганізацыі ў сферы гандлю, у перыяд з ліпеня 2022 года па снежань 2025-га “выкрала грашовыя сродкі арганізацыі, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі”.

У прыватнасці, “маючы доступ да праграмнага забеспячэння падсістэмы “Інтэрнэт-кліент” сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання і выкарыстоўваючы электронны лічбавы подпіс”, жанчына “сістэматычна, без узгаднення з кіраўніцтвам арганізацыі і наяўнасці законных падстаў завышала сумы, якія меліся залічвацца ёй у якасці заробку ды іншых выплат”.

Такім чынам на яе заробкавы рахунак з рахунку арганізацыі было “залішне пералічана” больш за 15 тыс. рублёў.

На судзе фігурантка цалкам прызнала віну. Шкоду арганізацыі яна кампенсавала яшчэ на стадыі папярэдняга расследавання.

Падзяліцца: