Мінск 22:13

МАРГ выявіў парушэнні пры продажы піратэхнікі ў гандлёвых цэнтрах “Экспабел” і “Заслаўскі”

22 верасня, Позірк. Пра выяўленне парушэнняў пры рэалізацыі піратэхнічных вырабаў у двух гандлёвых цэнтрах 22 верасня паведаміла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).

Гаворка пра ГЦ “Экспабел” (Мінскі раён) і ГЦ “Заслаўскі” (Заслаўе).

У першым гандлёвым цэнтры ТАА “Фейер пар” рэалізоўвала піратэхніку (“Мерын”, “Чараўніцтва”, “WINNIE POOH”, “STARLIGHT”, “ДУЭТ” і інш.), рознічны гандаль якой на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь забаронены.

У ГЦ “Заслаўскі” таксама ажыццяўляўся продаж забароненых для рознічнай рэалізацыі вырабаў (“Зорны россып”, “Контрабанда” і інш.).

Паведамляецца, што прадаўцам выдадзены прадпісанні аб спыненні рэалізацыі.

Сёлета 20 сакавіка МНС паведаміла пра пацярпелае ў Магілёве праз выбух петарды дзіця. Адзначалася, што падлетак 2013 года нараджэння быў шпіталізаваны з траўмамі ў абласную дзіцячую бальніцу.

МНС тады звярнула ўвагу, што 3 студзеня 2025 года пачала дзенічаць пастанова Савета міністраў № 3 “Аб абароце піратэхнічных вырабаў”, якая ўводзіць забарону на рознічны і аптовы гандаль большасцю відаў піратэхнічных вырабаў. “Гэта датычыцца петард, салютаў, феерверкаў, ракет, рымскіх свечак і любой іншай выбухованебяспечнай піратэхнікі”, — удакладняе ведамства.

Забарона на піратэхніку з’яўляецца “вымушанай мерай”, заявіла ведамства, паколькі “ў апошнія гады значна ўзрасла колькасць траўмаў, асабліва сярод дзяцей і падлеткаў”.

Падзяліцца: