Мінск 16:37

ДТЗ у Смалявіцкім раёне — загінула 65-гадовая жанчына, пацярпелі трое непаўналетніх

Фота: ДАІ Мінскай вобласці

22 верасня, Позірк. Пра смяротнае дарожна-транспартнае здарэнне ў Смалявіцкім раёне паведамляе ДАІ Мінскай вобласці.

21 верасня каля 18:20 на 12-м кіламетры аўтадарогі Н-9571 Драчкава — Пятровічы — Каліта, недалёка ад вёскі Куляшоўка 19-гадовы кіроўца аўтамабіля “Таёта”, паводле папярэдняй інфармацыі, рухаўся “на закругленні дарогі направа” і здзейсніў наезд на 65-гадовую пешаходку, гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што жанчына “перасякала праезную частку справа налева па ходзе руху транспартнага сродку”. Яна загінула на месцы здарэння.

Пасля сутыкнення аўтамабіль страціў кіраванне і з’ехаў у кювет.

ДАІ паведамляе пра пацярпелых пасажыраў “Таёты”: “14-гадовай дзяўчынцы была нададзена медыцынская дапамога, дзве 16-гадовыя дзяўчыны з атрыманымі траўмамі былі дастаўленыя ва ўстанову аховы здароўя”.

У 2025 годзе колькасць дарожна-транспартных здарэнняў у Беларусі знізілася на 5,5% (з 3.453 да 3.262), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: