Мінск 16:10

Справа пра чэрвеньскае смяротнае ДТЗ у Маладзечанскім раёне перададзеная пракурору для накіравання ў суд

Архіўнае відэа: УУС Мінскага аблвыканкама / стоп-кадр: "Позірк"

22 верасня, Позірк. Следчы камітэт 22 верасня адсправаздачыўся пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы пра смяротную аварыю, якая здарылася ўлетку ў Маладзечанскім раёне (Мінская вобласць).

Паводле інфармацыі ведамства, матэрыялы справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.

Фігурант справы — 49-гадовы жыхар згаданага раёна, які абвінавачваецца паводле ч. 4 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула з неасцярожнасці смерць чалавека).

Згодна з данымі СК, 27 чэрвеня мужчына ў нецвярозым стане сеў за стырно аўтамабіля “Лада Гранта”. Каля аграгарадка Аляхновічы (участак дарогі Н-9122 “Плябань — Дубрава”) ён, рухаючыся з хуткасцю 69,3 кіламетра ў гадзіну пры дазволеных 60 км/г, збіў 55-гадовую жанчыну.

Следства высветдіда, што калі б кіроўца датрымліваўся хуткаснага рэжыму, то меў бы тэхнічную магчымасць своечасова спыніцца, пазбегнуўшы тым самым наезду. Адзначаецца, што няспраўнасцяў тармазной сістэмы, стырновага кіравання і хадавой часткі аўтамабіля выяўлена не было.

Акрамя таго, паводле даных СК, пасля сутыкнення мужчына не аказаў пацярпелай дапамогу, паспрабаваў разгарнуць пашкоджаны аўтамабіль. Людзі, якія праязджалі міма, заўважылі жанчыну на дарозе і кіроўцу, западозрылі, што ён п’яны, і спынілі яго, выцягнуўшы ключы з замка запальвання. Відавочцы выклікалі хуткую дапамогу і міліцыю. Медыкі, якія прыбылі на месца аварыі, канстатавалі смерць жанчыны.

Медыцынская праверка пацвердзіла, што кіроўца быў п’яны.

На допыце мужчына паведаміў, што перад паездкай ужываў спіртное з сужыцелькай, пасля канфлікту з ёй паехаў дадому. Паводле яго слоў, жанчыну на дарозе заўважыў непасрэдна перад наездам, зрэагаваць не паспеў. Кіроўца “прызнаў віну і раскаяўся ў зробленым”.

Дзяржаўтаінспекцыя Мінскай вобласці паведаміла пра тую аварыю на наступны дзень пасля здарэння. Тады было заяўлена, што жанчына ішла па краі праезнай часткі ў спадарожным кірунку.

Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў знізілася ў Беларусі за год на 5,5% (з 3.453 у 2024-м да 3.262 у 2025-м), вынікае з праведзенага Позіркам” аналізу даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўмаваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: