Мінск 10:42

МУС у Гомельскай вобласці правярае гатоўнасць да дзеянняў у “асаблівых умовах”

Ілюстрацыйнае фота: тэлеграм-канал "Міліцыя Міншчыны"

23 верасня, Позірк. Аб правядзенні 23 верасня ў Гомельскай вобласці “комплексных камандна-штабных вучэнняў па праверцы гатоўнасці падраздзяленняў да дзеянняў у асаблівых умовах” паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што ў Гомелі да 18:00 абмежаваны рух з прыпыненнем транспартных сродкаў на вул. Камунараў (ад вул. Кірава да вул. Савецкай), на ўездзе ў арку дома 18 па вул. Савецкая (пад’езд да паліклінікі МУС), уездзе ў двор дома 18 па вул. Сялянскай. Таксама часткова абмежаваны рух і ўезд на тэрыторыю паркоўкі гасцініцы “Сож”.

МУС папярэджвае, што “магчымае перамяшчэнне спецыяльнай і вайсковай тэхнікі”.

Таксама паведамляецца, што “адзін з этапаў вучэнняў адбудзецца ў Добрушы па вул. Чыгуначная, 1”, там “могуць быць чутныя гукі выбухаў і стрэлаў”.

8 верасня ўнутраныя войскі МУС трэніраваліся вызваляць закладнікаў і ліквідаваць дыверсантаў у Віцебскай вобласці.

У 2026 годзе камандна-штабныя вучэнні МУС альбо ўнутраных войскаў МУС, прысвечаныя ў тым ліку “спыненню масавых беспарадкаў”, прайшлі ў Брэсце (26 сакавіка), Віцебску (24 красавіка), Магілёве (27 траўня і 30 жніўня), Гродзенскай вобласці (29–30 ліпеня), Мінскай вобласці (26 жніўня), Баранавічах (Брэсцкая вобласць, 3 верасня). Сярод іншага адпрацоўваліся “пратэстныя” сцэнарыі, імітаваліся выбухі і стрэлы, у якасці рэквізіту выкарыстоўваліся падпаленыя покрыўкі.

Пры гэтым міліцыя Мінскай вобласці вучылася ў жніўні як мінімум двойчы. Аб правядзенні “тактычнай трэніроўкі па адпрацоўцы навыкаў падтрымання правапарадку” паведамляла прэс-служба абласнога УУС 11 жніўня.

Палітычныя рэпрэсіі, якія рэжым Аляксандра Лукашэнкі разгарнуў пасля брутальнага падаўлення пратэстаў, выкліканых фальсіфікацыяй выбараў у жніўні 2020-га і жорсткасцю сілавікоў, не спыняюцца дагэтуль.

У выніку дзеянняў супрацоўнікаў сілавых органаў загінулі ўдзельнікі пратэстаў Аляксандр Тарайкоўскі, Генадзь Шутаў (абодва застрэленыя), Раман Бандарэнка, Аляксандр Віхор і інш. Адказнасць за гэта ніхто не панёс.

Актыўнасць пратэстоўцаў у большасці выпадкаў была расцэненая ўладамі як “масавыя беспарадкі”, хоць такімі не з’яўлялася.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. На гэтым фоне вучэнні сілавікоў, у тым ліку па лініі МУС, кіруючы рэжым праводзіць практычна безупынна.

Падзяліцца: