Мінск 09:09

Вакцыну ад папіломавіруса атрымала больш за 80% дзяўчынак ва ўзросце 11 гадоў — эпідэміёлаг

Ілюстрацыя: pixabay.com

23 чэрвеня, Позірк. У 2025 годзе першую дозу вакцыны ад віруса папіломы чалавека (ВПЧ), які спрыяе анказахворванням, найперш раку шыйкі маткі, атрымала больш за 80% дзяўчынак ва ўзросце 11 гадоў. Гэта найбольшы працэнт сярод усіх краін, заявіў загадчык аддзялення імунапрафілактыкі аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў на прэс-канферэнцыі 23 чэрвеня.

Паводле яго слоў, прывіццё ад ВПЧ хлопчыкаў прызнана немэтазгодным пры максімальным ахопе вакцынацыяй дзяўчынак.

Летась 24 лістапада Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што першую дозу вакцыны атрымала 65% дзяўчынак ва ўзросце 11 гадоў (больш за 34 тыс.). Другую дозу яны павінны былі атрымаць у першым квартале 2026 года.

У паведамленні падкрэслівалася, што дзяўчынкі 2014 года нараджэння, якія з якіх-небудзь прычынах не будуць прышчэпленыя ў 2025 годзе, змогуць гэта зрабіць у 2026-м. Таксама на 2026-ы была абвешчаная вакцынацыя дзяўчынак 2015 года нараджэння.

Адзначалася, што ВПЧ выклікае да 4,5% усіх новых выпадкаў рака: практычна ўсе выпадкі рака шыйкі маткі, злаякасныя новаўтварэнні анагенітальнай вобласці жанчын і мужчын, некаторыя выпадкі рака галавы і шыі.

Вірус папіломы чалавека — найбольш распаўсюджаны вірусны ўзбуджальнік інфекцыі рэпрадуктыўнай сістэмы, ён застаецца адным з ключавых выклікаў у галіне грамадскага аховы здароўя. Кожны чалавек мае 80% верагоднасці ў нейкі момант свайго жыцця быць інфікаваным адным ці некалькімі тыпамі ВПЧ, адзначала Міністэрства аховы здароўя.

У Беларусі прышчапляюць кітайскай вакцынай Cecolin (Цэкалін), якая паступіла ў канцы верасня 2025 года.

Cecolin распрацаваная кампаніяй Xiamen Innovax Biotech Co., Ltd. (горад Сямынь, правінцыя Фуцзянь). Атрымала перадкваліфікацыю Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). Выкарыстоўваецца ў Кітаі, а таксама краінах з нізкім і сярэднім узроўнем даходу; у ЕС не ўжываецца.

Міністэрства аховы здароўя планавала, што арганізаваная вакцынацыя дзяўчынак 2014 года нараджэння супраць ВПЧ-інфекцыі пачнецца ў красавіку — траўні 2025 года (першая доза) і ў кастрычніку — лістападзе (другая доза).

13 жніўня стала вядома, што ведамства скасавала кантракт з пастаўшчыком вакцыны супраць ВПЧ. Таксама яно ўнесла патрабаванне аб уключэнні замежнага пастаўшчыка ў “чорны ліст”.

Паводле даных электроннага аўкцыёну, у Беларусь павінна была прыбыць вакцына Walrinvax вытворчасці кітайскай биофармацевтической кампаніяй Walvax Biotechnology Co., якая займаецца распрацоўкай, вытворчасцю і маркетынгам вакцын і іншых біяфармацэўтычных прадуктаў. Аднак гэтая вакцына не была закупленая ў вытворцы наўпрост — пастаўшчыком кітайскай вакцыны павінна было стаць прадпрыемства M Biotech Private Limited (Індыя).

Супольнасць медыкаў “Белыя халаты” адзначала, што спачатку быў праведзены адкрыты электронны аўкцыён, але ён быў прызнаны несапраўдным. 30 снежня 2024 года была праведзеная закупка з адной крыніцы. Паводле публічнай інфармацыі, M Biotech Private Limited — невялікая прыватная кампанія з Мумбаі, заснаваная ў 2011 годзе.

У Беларусі штогод больш за 800 жанчын захворвае і 300 памірае ад раку шыйкі маткі. За мінулыя 30 гадоў захворванне павялічылася з 15,6 да 17,1 выпадку на 100 тыс. жанчын, смяротнасць паменшылася з 11,5 да 11,1. Значная доля хворых жанчын ва ўзросце 45-49 гадоў.

Сярэдні паказчык захворвання ў Еўропе — 8,67.

Падзяліцца: