Мінск 17:29

Фінляндыя забараніла беларусам купляць нерухомасць

Будынак парламента Фінляндыі
Фота: yle.fi

16 ліпеня, Позірк. У Фінляндыі ўступіў у сілу закон, які забараняе здзелкі з нерухомасцю для грамадзян Беларусі і Расіі, паведамляе партал yle.fi.

Неабходнасць у такіх заканадаўчых зменах існавала даўно, “яшчэ да нападу Расіі на Украіну”, заявіў з гэтай нагоды ў сацсетцы Х міністр абароны Фінляндыі Анці Хяккянен.

“Гаворка ідзе аб умацаванні бяспекі Фінляндыі і гатоўнасці да розных спосабаў уздзеяння”, — падкрэсліў кіраўнік Мінабароны.

Законапраект, які забараняе грамадзянам Беларусі і Расіі здзелкі з нерухомасцю, быў вынесены ў Фінляндыі на грамадскае абмеркаванне 25 траўня, яно скончылася 9 чэрвеня.

Папраўкі ініцыяваныя Міністэрствам абароны краіны.

Раней парламент Фінляндыі прыняў закон, які дазваляе абароннаму ведамству блакаваць здзелкі з нерухомасцю для “асоб або арганізацый, дзяржава якіх развязала агрэсіўную вайну ці можа прадстаўляць пагрозу бяспецы Фінляндыі”.

Парламент Латвіі 19 чэрвеня ў канчатковым, трэцім чытанні прыняў закон, які забараняе фізічным і юрыдычным асобам з Беларусі і Расіі набываць нерухомасць у гэтай балтыйскай дзяржаве. Забарона будзе распаўсюджвацца на здзелкі, заключаныя пасля ўступлення дакумента ў сілу.

Падзяліцца: