Літва патрабуе ад Беларусі тлумачэнняў праз беспілотнік “Гербера”, які заляцеў у балтыйскую краіну

17 ліпеня, Позірк. Міністэрства замежных спраў Літвы 16 ліпеня ўручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту з рашучым пратэстам у сувязі з “незаконным парушэннем паветранай прасторы шматфункцыянальным беспілотным лятучым апаратам “Гербера” расійскай вытворчасці”.
Знешнепалітычнае ведамства адзначае на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, што беспілотнік уляцеў у Літву 10 ліпеня з боку Беларусі і ўпаў “прыкладна за адзін кіламетр ад дзяржаўнай мяжы”.
МЗС “настойліва патрабуе ад Беларусі ў найкарацейшыя тэрміны прадставіць тлумачэнні наконт гэтага інцыдэнту і зрабіць усе неабходныя захады, каб падобныя выпадкі не паўтараліся ў будучыні”.
10 ліпеня міністр абароны краіны Літвы Давіле Шакалене паведаміла, што аб’ект, які ўляцеў у паветраную прастору Літвы з боку Беларусі ў 11:30 у той жа дзень, з’яўляецца беспілотнікам мадэлі “Гербера”.
“У такога дрона можа быць рознае прымяненне, цяпер высвятляецца, з якой мэтай ён быў выкарыстаны, — цытаваў міністра сайт літоўскага тэлебачання LRT. — На гэты момант у нас няма даных, якія пацвярджаюць, што ён быў наўмысна адпраўлены на нашу тэрыторыю”.
У мірны час на ўварванне чужых аб’ектаў у паветраную прастору краіны не рэагуюць вайсковымі сродкамі, але падчас ваеннай сітуацыі аб’ект быў бы неадкладна збіты з выкарыстаннем вайсковых сродкаў, адзначыў на прэс-канферэнцыі ў Вільнюсе прадстаўнік аддзела стратэгічнай камунікацыі Узброеных сіл (УС) Літвы Гінтаўтас Цюніс.
Паводле яго слоў, дрон, які не прадстаўляе пагрозы, упаў самастойна і знаходзіўся ў літоўскай паветранай прасторы прыкладна тры хвіліны. Гэта выраб з пенапласту і дрэва, формай нагадвае маленькі самалёт, удакладніў вайсковец.
Начальнік памежнай заставы ў Кяне Марус Баркаўскас паведаміў, што супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы выявілі аб’ект у палёце на вышыні каля 100 метраў: “Хуткасць — не надта высокая, недзе 50–60 кіламетраў на гадзіну, таму што ён ужо зніжаўся, падаў, пераварочваўся, і мы яго знайшлі ўжо ляжалым дагары дном. Часцей за ўсё кантрабандысты выкарыстоўвалі нешта падобнае для перавозкі кантрабанды”.
Раней ва УС Літвы не выключалі, што дрон, які заляцеў з Беларусі, быў выведніцкім. Мінабароны паведаміла, што разглядаюцца яшчэ дзве версіі: адпрацоўка нейкіх працэдур і “няздольнасць беларускага боку кіраваць простым аб’ектам”.
Першапачаткова меркавалася, што паветраную прастору перасек беспілотнік “Шахед”, які Расія выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны, аднак пазней літоўскія памежнікі вызначылі, што з Беларусі заляцеў “дрон, падобны да самаробнага самалёта”.
Пазней партал навінаў Delfi са спасылкай на ўласныя звесткі паведаміў, што БПЛА, які ўляцеў, з’яўляецца імітацыяй ударнага беспілотніка “Герань-2”, або “Гербера”. Дрон можа выконваць розныя задачы, у тым ліку выведку, назіранне, нанясенне ўдараў і адцягненне сродкаў супрацьпаветранай абароны, гаварылася ў публікацыі.
Беларускае рэгіянальнае медыя “Флагшток” са спасылкай на мясцовых жыхароў паведаміла, што больш за 20 расійскіх беспілотных лятучых апаратаў заляцела ў Гомельскую вобласць з Украіны з вечара 9 ліпеня. Пяць БПЛА “вярнулася ва Украіну”, “астатнія, верагодна, упалі або былі збітыя на тэрыторыі Беларусі”.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаВіцебская вобласць — аўтсайдар па тэмпах развіцця сярод рэгіёнаў па выніках паўгоддзяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваПоўны камплект тавараў для школьніка каштуе ад 335 да 1.385 рублёў — МАРГ (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства