Мінск 21:33

Пры масавым паступленні пацярпелых Мінздароўя дазволіла дзеля іх выратавання прыпыняць ужо распачатыя аперацыі

Ілюстрацыйнае фота: minprom.gov.by

17 ліпеня. Позірк. У бальніцах дапускаецца прыпыняць распачатыя хірургічныя ўмяшанні або “скарачаць аб’ём” аперацый, калі неабходна аказаць экстраную дапамогу пры наплыве пацярпелых, вынікае з інструкцыі “Аб парадку арганізацыі і аказання медыцынскай дапамогі пры масавым паступленні пацыентаў з траўмамі”.

Перапыніць аперацыю можна “пры ўмове адсутнасці пагрозы для жыцця пацыента, якога аперуюць”, гаворыцца ў дакуменце, зацверджаным пастановай Міністэрства аховы здароўя № 62 ад 30 чэрвеня і апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 17 ліпеня.

У ведамстве адзначылі, што такая інструкцыя ў Беларусі распрацаваная ўпершыню — для выкарыстання пры масавых траўмах пацыентаў падчас дарожна-транспартных ды іншых здарэннях.

Пад масавым паступленнем пацыентаў у інструкцыі разумеецца паступленне ў раённую бальніцу на працягу адной гадзіны больш за пяць пацыентаў, з якіх сама меней дваім патрабуецца экстраная дапамога. Для бальніцы абласнога (гарадскога) або рэспубліканскага ўзроўню норма больш высокая — паступленне на працягу гадзіны больш за дзесяць пацыентаў, сярод якіх мінімум траім трэба аказаць дапамогу ў тэрміновым парадку.

Пры масавым паступленні пацыентаў з траўмамі, згодна з інструкцыяй, у залежнасці ад стану іх варта адсартаваць на “чырвоную”, “жоўтую” і “зялёную” плыні, размеркаваць па структурных падраздзяленнях установы аховы здароўя, своечасова выканаць неабходныя мерапрыемствы па аказанні меддапамогі.

У дакуменце таксама вызначаны парадак аказання медыцынскай дапамогі, абавязкі работнікаў і кіраўнікоў арганізацыі аховы здароўя пры масавым паступленні пацыентаў з траўмамі.

У апошні час у Беларусі адбылося некалькі аварый з мноствам пацярпелых. Напрыклад, пасля аварыі з удзелам аўтобуса 15 ліпеня ў Бярозаўскім раёне (Брэсцкая вобласць) у медустановах застаецца дзевяць пацярпелых.

У той самы дзень сем чалавек пацярпела ў ДТЗ у Полацкім раёне (Віцебская вобласць).

Згодна з праведзеным “Позіркам” аналізам даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2020 годзе ў ДТЗ было паранена 3.732 чалавекі, 2021-м — 3.604, 2022-м — 3.384, 2023-м — 3.417, 2024-м — 3.804.

Падзяліцца: