Мінск 02:42

З 8 кастрычніка “Белавія” адкрывае прамыя рэйсы ў кітайскі горад Санья

Фота: тэлеграм-канал "Белавія"

17 ліпеня, Позірк. З 8 кастрычніка кампанія “Белавія” адкрывае прамыя рэйсы ў кітайскі курортны горад Санья на паўднёвым узбярэжжы вострава Хайнань, паведамляе прэс-служба нацыянальнага перавозчыка.

Рэйсы будуць выконвацца адзін раз на тыдзень па серадах на шырокафюзеляжным судне Airbus A330-200.

Вылет з Мінска — у 04:40, прыбыццё ў Санью — у 20:00. Зваротны рэйс з Саньі — у 22:00, прыбыццё ў Мінск — у 04:20 наступнага дня (час мясцовы).

Квіткі ў адзін бок каштуюць ад 1.325 руб., у абодва — ад 2.162 руб.

Цяпер “Белавія” выконвае прамыя рэйсы ў Кітай толькі па адным кірунку: Мінск — Урумчы. Першы пералёт з Мінска быў ажыццёўлены 16 снежня 2024 года.

Характэрна, што па зваротным маршруце з Урумчы ў Мінск тады быў дастаўлены груз звыш трох тон, у асноўным — дэталі для аўтамабіляў кітайскай вытворчасці.

Запуск рэйса быў анансаваны 29 кастрычніка.

Рэйс Мінск — Урумчы — Мінск выконваецца адзін раз на тыдзень па панядзелках.

Цяпер “Белавія” ажыццяўляе палёты ў дзесяць краін — Расію, Казахстан, Азербайджан, Грузію, Індыю, Арменію, Турцыю, Узбекістан, ААЭ, Туркменістан.

23 траўня 2021 года ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў у мінскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце знаходзіліся на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка, расіянка Соф’я Сапега. Яны былі затрыманыя, асуджаныя, але пазней памілаваныя.

Пасля інцыдэнту беларускай нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” забаронена лётаць у краіны Еўрасаюза.

2 снежня 2021 года Вялікабрытанія, Канада, ЗША і ЕС скаардынавана ўхвалілі чарговыя санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх фізічных асоб і арганізацый. Як было адзначана ў сумеснай заяве з гэтай нагоды, санкцыйныя меры прыняты “ў адказ на напады на правы чалавека і асноўныя свабоды ў Беларусі, якія працягваюцца, ігнараванне міжнародных нормаў і шматразовыя акты рэпрэсій”. Сярод арганізацый, што трапілі ў “чорны спіс”, значылася і “Белавія”.

2 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну, ЗША ўвялі ў дачыненні да “Белавія” абмежаванні, якія тычацца экспарту прадукцыі авіяцыйнай сферы і ліцэнзавання пэўных самалётаў і запчастак.

9 жніўня 2023 года “Белавія” была ўключаная ў санкцыйныя спісы ЗША.

29 траўня 2024 года Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі пакінуў у сіле санкцыі Еўрасаюза, уведзеныя супраць “Белавія”, адхіліўшы адпаведны пазоў беларускай авіякампаніі.

Генеральны дырэктар авіякампаніі “Белавія” Ігар Чаргінец 11 сакавіка ў эфіры праекта “Мінск — Масква | Прамы эфір” заявіў, што большасць заходніх авіякампаній не могуць адкрыта папрасіць аднавіць авіязносіны з Расіяй і Беларуссю, кіраўніцтва Міжнароднай асацыяцыі паветранага транспарту (IATA) таксама толькі ў кулуарах крытыкуе абмежаванні, з-за якіх церпіць авіяцыйны бізнес і пасажыры.

У снежні мінулага года гэтую думку паўтарыў дырэктар дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Ігар Голуб. У эфіры тэлеканала “Беларусь 1” ён адзначыў, што авіякампаніі і “авіяцыйныя ўлады“ краін Еўропы зацікаўленыя ў аднаўленні зносін з Беларуссю, але “пакуль у гэтым не зацікаўленыя палітыкі”.

18 лістапада ён заявіў, што ў Беларусі “гатовыя аднавіць авіязносіны з краінамі Еўропы, як толькі палітычныя перашкоды будуць знятыя”.

Падзяліцца: