Мінск 23:59

Лукашэнка зрабіў “дадатковыя захады” па забеспячэнні войскаў транспартам і беспілотнікамі ў ваенны час

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

18 ліпеня, Позірк. Указ № 282, які прадугледжвае дадатковыя захады па забеспячэнні Узброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў “транспартнымі сродкамі, у тым ліку беспілотнымі лятучымі апаратамі” з боку дзяржорганаў і арганізацый “у перыяд мабілізацыі і ваенны час”, падпісаў 18 ліпеня Аляксандр Лукашэнка.

Паводле інфармацыі прэс-службы палітыка, дакумент уносіць змены ў Палажэнне пра вайскова-транспартны абавязак, зацверджанае ўказам № 434 ад 14 жніўня 2001 года.

“Цяпер вайскова-транспартны абавязак распаўсюджваецца на транспартныя сродкі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, а таксама на грамадзян, якія атрымалі транспартныя сродкі на падставе дагавора фінансавай арэнды (лізінгу), — гаворыцца ў паведамленні. — Удакладняецца парадак вызначэння мабілізацыйных заданняў для арганізацый-пастаўшчыкоў транспартных сродкаў і іх уліку пры мабілізацыйным разгортванні”.

Міністэрству абароны нададзеныя паўнамоцтвы вызначаць пералікі “запасных частак, інструмента і інвентара”, што неабходныя для “забеспячэння працы тых транспартных сродкаў, якія пастаўляюцца”.

1 красавіка 2024 года набыў моц указ ад 25 верасня 2023 года № 297 “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятучых апаратаў”, у адпаведнасці з якім забараняецца ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб беспілотнікаў і выкарыстанне паветранай прасторы без належнага дазволу.

30 чэрвеня 2025 года дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні прынялі праект закона “Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці”, які прадугледжвае сярод іншага адказнасць за дзеянні з беспілотнымі лятучымі апаратамі.

Прэс-служба ніжняй палаты парламента паведамляла, што пасля таго, як адпаведны закон набудзе моц, грамадзян, якія парушылі вызначаныя ўказам № 297 забароны, чакае адміністрацыйная адказнасць, а паўторнае здзяйсненне гэтых дзеянняў на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання прывядзе да ўзбуджэння крымінальнай справы.

Згодна з арт. 24.19 КаАП, незаконнае ўтрыманне і выкарыстанне беспілотнікаў у памежнай зоне альбо памежнай паласе прыводзяць да накладання штрафу да 50 базавых велічыняў (2.100 рублёў).

Падзяліцца: