Мінск 00:00

КДБ дадаў у “тэрарыстычныя спісы” 11 беларусаў і Аб’яднаны пераходны кабінет

Будынак КДБ у Мінску
Ілюстрацыйнае фота: Sputnik

18 ліпеня, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўнёс у пералік “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці” яшчэ 11 грамадзян Беларусі.

Пералік “тэрарыстычных арганізацый” у адпаведнасці з рашэннем Вярхоўнага суда папоўніў Аб’яднаны пераходны кабінет (АПК).

Абодва спісы былі абноўленыя 16 ліпеня і апублікаваныя ў адмысловым тэлеграм-канале КДБ 18 ліпеня.

У “спіс тэрарыстаў” унесеныя асуджаныя паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) — Руслан Ліннік, Ала Юшкевіч і Валерый Жукаў; паводле арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) — Андрэй Бераставы, Алена Рудая і Кірыл Слівец; паводле арт. 130 і 361 — Уладзіслаў Браўэр.

Акрамя таго, у ім цяпер фігуруюць абвінавачаныя паводле арт. 130 Канстанцін Дзмітрыеў, Аляксей Кердаль і Руслан Тупік; паводле арт. 130 і 361 — Аркадзь Кайчурэнка.

Раней МУС унесла Лінніка, Браўэра, Юшкевіч і Бераставога ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Ліннік — былы палітвязень, ён выйшаў на волю сёлета ў чэрвені. Статус палітзняволенай нададзены Юшкевіч (паводле інфармацыі праваабаронцаў, асуджаная таксама паводле арт. 3614 — “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”).

У “спісе тэрарыстаў” 1.443 пазіцыі і 1.326 чалавек, з іх 629 — грамадзяне Беларусі. Абвешчаным “тэрарыстамі” зняволеным забаронена атрымліваць грашовыя пераводы.

Паводле інфармацыі з пераліку “тэрарыстычных арганізацый”, да АПК маюць дачыненне “Ціханоўская С.Г., Латушка П.П., Сахашчык В.С., Кавалеўскі В.Г., Азараў А.А., Гарбунова В.А., Коўшык-Петшыкоўска А.У., Мацкевіч В.В., Кабанчук В.М., Губарэвіч Ю.І.”.

Адметна, што Валерый Сахашчык, Валер Кавалеўскі, Аляксандр Азараў, Вольга Гарбунова і Аліна Коўшык ужо не з’яўляюцца членамі Кабінета.

У дакуменце пазначаны юрыдычны адрас АПК у Варшаве, заяўлена, што арганізацыя была створаная 9 жніўня 2022 года і ўключаная ў адпаведны польскі рэестр “з арганізацыйна-прававой формай — фонд”.

Сцвярджаецца, што “члены “Аб’яднанага пераходнага кабінета” ажыццяўляюць дзейнасць тэрарыстычнага і экстрэмісцкага характару ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, а таксама фінансуюць такую дзейнасць”.

Пра тое, што Вярхоўны суд прызнаў АПК “тэрарыстычнай арганізацыяй”, стала вядома 9 ліпеня.

Варта адзначыць, што беларускія ўлады ў апошнія гады часцей за ўсё называюць “экстрэмізмам” і “тэрарызмам” дзейнасць сваіх палітычных апанентаў унутры краіны і па-за яе межамі. Асуджаных з палітычных матываў грамадзян рэгулярна ўносяць у адпаведныя спісы.

Падзяліцца: