Мінск 07:34

На фоне спробаў Беларусі наладзіць стасункі з ЗША ў Мінску прымуць парламенцкую дэлегацыю Ірана

Ілюстрацыйнае фота: Sina Drakhshani / unsplash.com

19 ліпеня, Позірк. Візіт членаў працоўнай групы Сходу ісламскага савета (парламента) Ірана па супрацы з Нацыянальным сходам Беларусі запланаваны на 20–24 ліпеня, вынікае з раскладу на сайце ніжняй палаты беларускага заканадаўчага органа.

Іранскую парламенцкую дэлегацыю ўзначаліць кіраўнік гэтай групы Алі Асгар Багерзадэ.

21 ліпеня з гасцямі сустрэнецца намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Вадзім Іпатаў, у той жа дзень пройдзе сумеснае пасяджэнне працоўных груп Беларусі і Ірана, адказных за двухбаковую міжпарламенцкую супрацу.

Багерзадэ прыязджаў у Беларусь сёлета у студзені, каб назіраць за працэдурай, якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі лічыць “прэзідэнцкімі выбарамі”. У рамках візіту ён сустракаўся са старшынёй Цэнтрвыбаркама Ігарам Карпенкам, а таксама наведваў Іранскі гандлёвы дом у Мінску і завод парашковых фарбаў “БелПекаПэйнт” у Вілейскім раёне Мінскай вобласці (даччынае прадпрыемства іранскай кампаніі “ПекаШымі”).

Цяперашні візіт іранскіх парламентарыяў пройдзе на фоне спробаў Беларусі наладзіць стасункі са Злучанымі Штатамі Амерыкі і адначасова напружанасці паміж ЗША і Іранам.

12 лютага 2025 года ў выніку непублічных перамоў у Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафера Сміта і прадстаўнікоў беларускіх уладаў былі вызваленыя і адпраўленыя ў Літву палітвязні Андрэй Кузнечык (супрацоўнік “Радыё Свабода”), Алена Маўшук, а таксама асуджаны ў рамках палітычна матываванай справы амерыканскі і ўкраінскі грамадзянін Мікалай Шугаеў.

21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перамовы Лукашэнкі і спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага. Беларускі палітык, з якім амерыканскія ўлады ўжо доўга не кантактавалі публічна, паспрабаваў зрабіць выгляд, што здзіўлены тым, колькі “шуму” нарабіў прыезд госця: “Хіба мы не можам весці нармальны дыялог і размаўляць пра нашыя справы — пра стасунки паміж Беларуссю і Злучанымі Штатамі Амерыкі”.

Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

На наступны дзень пасля сустрэчы Келага і Лукашэнкі ЗША, выступаючы на баку Ізраіля ў канфлікце з Тэгеранам, ударылі па іранскіх ядзерных аб’ектах у Форда, Натанзе і Ісфахане. У адказ Іран атакаваў вайсковыя базы ЗША ў Катары, Кувейце, Бахрэйне і ААЭ.

Мінск спачатку адрэагаваў на абвастрэнне сітуацыі на Блізкім Усходзе дастаткова стрымана — 22 чэрвеня Міністэрства замежных спраў выказала “крайнюю занепакоенасць” дзеяннямі Вашынгтона.

Паралельна ў той жа дзень на дзяржаўным тэлебачанні выйшла інтэрв’ю са старшынёй КДБ Іванам Церцелем, які сярод іншага заявіў, што Мінск і Вашынгтон “знаходзяцца ў кантакце па многіх пытаннях, <…> абмеркаванне якіх здольнае прывесці да вырашэння праблем у многіх рэгіёнах, напэўна, свету і, у прыватнасці, <…> у Рэспубліцы Беларусь”. Паводле яго сцвярджэння, візіт Келага быў не спантанным: “Гэта сістэмная праца, якая праводзіцца ўжо на працягу года, а можа, і больш”.

У пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 27 чэрвеня ў Мінску мусіў удзельнічаць прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян, аднак ён скасаваў візіт праз становішча ў блізкаўсходнім рэгіёне. Каментуючы гэты факт, Лукашэнка выступіў у падтрымку Тэгерана, адзначыўшы, што “нядаўнія ўдары па ядзерных аб’ектах Ірана <…> самым небяспечным чынам парушаюць палажэнні міжнароднага права”. Пры гэтым ён не назваў краіны, якія ўдарылі па іранскай ядзернай інфраструктуры.

На ўрачыстым сходзе з нагоды Дня незалежнасці (3 ліпеня) Лукашэнка зноў асудзіў удары па Іране, а таксама заявіў, што не схільны давяраць Захаду, пра што, паводле яго сцвярджэння, казаў на сустрэчы з Келагам.

Паводле інфармацыі МЗС, 9 ліпеня ў Тэгеране амбасадар Беларусі Дзмітрый Кальцоў абмяняўся са спікерам парламента Махамадам Багерам Галібафам думкамі па “найбольш важных пытаннях двухбаковага ўзаемадзеяння і міжнароднай праблематыкі”. Бакі абмеркавалі цяперашні стан і перспектывы развіцця “парламенцкага вымярэння” ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі, дамовіліся і надалей актыўна развіваць “дагаворна-прававую базу супрацы”.

Падзяліцца: