Мінск 00:46

Ютуб-канал найбуйнейшага літоўскага партала Delfi у Беларусі прызналі “экстрэмісцкім”

Элемент аздаблення ютуб-канала "Delfi Літва"

21 ліпеня, Позірк. Кантэнт ютуб-канала “Delfi Літва”, які належыць аднайменнаму літоўскаму парталу навін — найбуйнейшаму анлайн-медыя ў гэтай балтыйскай краіне, у Беларусі прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, вынікае з абноўленага спісу на сайце Міністэрства інфармацыі.

Адпаведнае рашэнне 18 ліпеня прыняў суд Ленінскага раёну Магілёва.

На згаданы ютуб-канал падпісана больш за 100 тыс. чалавек.

У абноўлены пералік “экстрэмісцкіх матэрыялаў” таксама ўнесеныя старонкі Movements For Freedom, supolka_italia, “Виталий Макаревич Trucker”, miliuk27 у “Інстаграме”; “РЭЗЕРВОВАЯ!!! НIЯКАЙ IНТЭГРАЦЫI З РАСЕЯЙ”, “Беларусы ў Лiтве/ Baltarusiai Lietuvoje / Belarusians in Lithuania” — у “Фэйсбуку”; “Bgmedia|Брест|Новости” — у Threads; “Мой Дрогичин” — у “Аднакласніках”; vibori_belorusi — у “ЦікТок”.

Delfi з’явіўся ў 1999 годзе адразу ў трох краінах Балтыі: спачатку ў Эстоніі, затым у Латвіі і Літве. Задумваўся як адзіны панбалтыйскі праект, але на справе ўяўляе сабой тры незалежныя адзін ад аднаго сродкі масавай інфармацыі, якія няхай і выступаюць пад адным брэндам і ўваходзяць у адну медыягрупу Ekspress Grupp. Кожны партал вырабляе кантэнт на нацыянальнай мове сваёй краіны, а таксама на рускай мове (літоўскі — яшчэ і на англійскай). У 2007–2014 гадах працавала ўкраінская рэдакцыя Delfi, але гэты кірунак быў прызнаны бесперспектыўным і закрыты.

Літоўскі партал Delfi рэгулярна асвятляе беларускую тэматыку, пры гэтым у Беларусі не адчыняецца з 2023 года.

У тым ліку з дапамогай свайго ютуб-канала партал актыўна асвятляў вызваленне 21 чэрвеня 14 вязняў, пераважна палітзняволеных, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, якая з 2020 года жыве ў Літве.

У 2023 годзе на ютуб-канале “Delfi Літва” з’явіўся дакументальны фільм пра беларускія пратэсты (аўтар — журналіст Мікалай Мамінаў). Пасля гэтага па дапамогу ў фонд салідарнасці BySol з просьбай пра эвакуацыю звярнуліся дзясяткі чалавек. Справа ў тым, што асобы многіх людзей, якія трапілі ў кадр, не былі схаваныя, і яны сталі баяцца пераследу з боку ўладаў.

Кіраўніцтва рускамоўнай версіі партала запэўнівала, што рэдакцыя ўлічвала пытанні бяспекі беларусаў, паказаных на кадрах дакументальнага фільма. Тым не менш пасля шматлікіх зваротаў фільм быў “часова выдалены”.

25 сакавіка 2022 года Раскамнагляд заблакаваў доступ да літоўскай версіі Delfi на тэрыторыі Расіі. На пачатку красавіка 2022-га гэтае ж ведамства заблакавала рускамоўную версію латвійскага партала Delfi.

Падзяліцца: