Літва не плануе аднаўленне транзіту беларускіх угнаенняў — дарадца Наўседы

22 ліпеня, Позірк. Казаць пра аднаўленне транзіту праз Літву беларускіх калійных угнаенняў “няма сэнсу”, бо ў дачыненні да такіх паставак дзейнічаюць санкцыі ЗША і Еўрасаюза, заявіў 22 ліпеня радыёстанцыі Žini Rad Radijas галоўны дарадца літоўскага прэзідэнта Гітанаса Наўседы па пытаннях навакольнага асяроддзя і інфраструктуры Рамунас Дзілба.
Паводле яго слоў, якія перадае агенцтва BNS, нават калі санкцыі ЗША і ЕС будуць знятыя, у Літвы ёсць прававыя інструменты ў рамках нацыянальнага заканадаўства для “абароны сваіх інтарэсаў”.
“Калі мы ўбачым, што кампанія атрымлівае прыбытак ад транзіту ўгнаенняў і, магчыма, ускосна фінансуе ваенныя дзеянні [Расіі ва Украіне] або ўмацоўвае рэжым [Аляксандра Лукашэнкі], то гэта супярэчыць нацыянальным інтарэсам Літвы, і ў гэтым выпадку мы маглі б прымяняць нашы нацыянальныя прававыя інструменты пры прыняцці рашэнняў”, — сказаў Дзілба.
18 ліпеня паведамлялася, што тэрмінал сыпкіх грузаў Клайпедскага порта (Birių krovinių terminalas, BKT) прапанаваў ураду Літвы заключыць міравое пагадненне і аднавіць транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз краіну.
Адзначалася, што генеральны дырэктар BKT Руслан Малінін у лісце прэм’ер-міністру Гінтаўтасу Палуцкасу і ўраду прапанаваў адклікаць пазоў з суда ЕС, а ў абмен на гэта ўрад дазволіў бы аднавіць транзіт прадукцыі “Беларуськалія” праз Літву і тэрмінал BKT.
“Паводле пагаднення бакоў, можа быць абвешчаная абмежаваная, палітычна абгрунтаваная інтэрпрэтацыя, аналагічная механізму, выкарыстанаму для транзіту ў Калінінград, з асаблівым акцэнтам на забеспячэнне глабальнай харчовай бяспекі, скарачэнне залежнасці ад экспарту ўгнаенняў з Расіі, а таксама зніжэнне даходаў Расіі ад лагістыкі беларускага калію”, — гаворыцца ў лісце, адпраўленым ураду ў чэрвені.
Кампраміс “дазволіў бы краінам пазбегнуць далейшай прававой і палітычнай эскалацыі, ліквідаваць прававую нявызначанасць і аднавіць эканамічныя сувязі, не прымяншаючы пры гэтым уведзеных ЕС санкцый“, сказана ў ім.
Ва ўрадзе Літвы BNS заявілі, што нічога не ведаюць пра такую прапанову і запэўнілі, што ў сапраўдны момант не вядзецца ніякіх абмеркаванняў аб магчымым аднаўленні транзіту прадукцыі “Беларуськалія“.
Міністр транспарту Эўгеніюс Сабуціс заявіў агенцтву, што“прадстаўнік бізнэсу можа прасіць, патрабаваць, дамаўляцца — што заўгодна, <…> яны могуць пісаць, што хочуць, але насамрэч ніякія абмеркаванні не вядуцца”.
Сабуціс падтрымлівае агульную пазіцыю Літвы аб ужывальных санкцыях у дачыненні да “Беларуськалія”.
7 сакавіка Палуцкас заявіў, што ЗША могуць аказаць на Літву ціск, каб аднавіць пастаўкі беларускіх угнаенняў праз порт у Клайпедзе. З ягоных слоў, пасля ўвядзення дадатковых мытаў у дачыненні да Канады Вашынгтон шукае“больш танныя крыніцы ўгнаенняў”.
У той жа дзень Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы і другі Дэпартамент аператыўных службаў апублікавалі даклад аб ацэнцы пагроз нацбяспекі, у якім звяртаецца ўвага на спробы ўладаў у Менску аднавіць экспарт калію праз Клайпеду. У дакуменце адзначана, што беларускія структуры лабіруюць “змены пазіцый Літвы і ЕС у міжнародных санкцыях у дачыненні да ўгнаенняў“. Падкрэсліваецца, што“ Беларуськалій “спрабуе“захаваць дзелавыя сувязі ў Літве”.
13 сакавіка Палуцкас заявіў, што змякчэнне санкцый у дачыненні да Беларусі і аднаўленне экспарту калійных угнаенняў “было б вялікай памылкай“.
13 студзеня кампанія Hasenberg, якая належыць праз пасярэднікаў грамадзяніну Літвы Ігару Удавіцкаму, ініцыявала міжнародны арбітраж супраць літоўскай дзяржавы за спыненне транзіту беларускіх калійных угнаенняў.
Зарэгістраванай у Швейцарыі кампаніі Hasenberg належыць 65% акцый тэрмінала сыпкіх грузаў ВКТ, яшчэ 5% валодае Удавіцкі, астатнія 30% належаць “Беларуськалію“. Удавіцкі, як паведамлялася, таксама з’яўляецца бенефіцыярам зарэгістраванай у Латвіі кампаніі Fortis Asset Management, якая валодае, у сваю чаргу, 100% акцый кампаніі Hasenberg.
Кампанія Удавіцкага, як заявілі літоўскія СМІ, таксама паспрабуе даказаць у судзе, што санкцыі ЕС у дадзеным выпадку несапраўдныя, паколькі паміж Швейцарыяй і Літвой дзейнічае двухбаковае пагадненне аб заахвочванні інвестыцый і іх узаемнай абароне.
18 верасня 2024 года стала вядома, што Суд Еўрапейскага саюза адхіліў пазовы аб зняцці санкцый, пададзеныя вытворцам угнаенняў ААТ “Беларуськалій“, генеральным дырэктарам прадпрыемства Іванам Галаватым (зняты з пасады 4 лістапада) і Беларускай калійнай кампаніі (БКК).
Галаваты, “Беларуськалій” і БКК былі ўключаныя ў шосты санкцыйны пакет ЕС у чэрвені 2022 года. У снежні 2023 года суд ЕС прыняў рашэнне адхіліць пазоў часткова прыналежнага “Беларуськалію” тэрмінала BKT супраць Савета ЕС.
Як вынікае з дакументаў на сайце суда, “Беларуськалій“, БКК і Галаваты “падтрымліваюць рэжым Аляксандра Лукашэнкі“, здабываюць з гэтага выгаду і датычныя да “падаўлення грамадзянскай супольнасці“.
Паведамлялася, што пазоўнікі спрабавалі аспрэчыць гэтыя тэзісы і настойвалі на выключэнні іх з санкцыйных спісаў ЕС, аднак суд не палічыў іх аргументы пераканаўчымі.
Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН 5 траўня 2023 года заявіў аб неабходнасці зняцця санкцый з беларускіх і расійскіх угнаенняў. Паводле яго слоў, на сустрэчах з расійскім і ўкраінскім лідэрамі ён падымаў пытанне харчовага крызісу, які з прычыны вайны паўстаў у Сенегале, Нігеры і Нігерыі.
Дэмакратычныя сілы Беларусі выступаюць супраць такога рашэння.
Санкцыі ў дачыненні да “Беларуськалія” былі ўведзеныя ў 2021 годзе.
25 чэрвеня стала вядома, што Сейм Літвы прыняў папраўкі аб нацыянальных санкцыях супраць Беларусі і Расіі, прапанаваныя ў якасці свайго роду страхоўкі на выпадак непрацягнення санкцый на ўзроўні Еўрасаюза.
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаБеларусь заняла другое месца па росце цэн у чэрвені і трэцяе — за першую палову 2025 года на тэрыторыі былога СССР (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19–21 ліпеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка