Мінск 15:16

Турчын прапанаваў зрабіць унёсак у забеспячэнне харчовай бяспекі Танзаніі

23 ліпеня, Позірк. “Зрабіць унёсак у забеспячэнне харчовай бяспекі” Танзаніі і прадставіць ёй адаптаваную сельскагастэхніку прапанаваў прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын кіраўніку ўрада гэтай усходнеафрыканскай краіны Касіму Маджаліву на сустрэчы з ім у Мінску 22 ліпеня.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага ўрада, Турчын заявіў, што Мінск разглядае Танзанію “як важнага партнёра ва Усходняй Афрыцы” і гатовы падтрымліваць краіну “ў яе імкненні да эканамічнага развіцця і росквіту”.

Паводле яго, ёсць перспектывы для нарошчвання ўзаемадзеяння ў машынабудаванні, нафтахіміі, медыцыне і турызме.

“Мы гатовыя дзяліцца ведамі, тэхналогіямі, кампетэнцыямі, забяспечыць сэрвіснае суправаджэнне і навучанне тэхнічнага персаналу, працаваць над рэалізацыяй сумесных праграм і праектаў. Наша прапанова заснаваная на ўжо наяўным досведзе рэалізацыі праграм механізацыі сельскай гаспадаркі ў Зімбабвэ і Нігерыі. У іншых краінах Афрыкі таксама добра ведаюць нашу тэхніку”, — сказаў Турчын.

“У свеце шырока вядомыя нашы дасягненні ў транспланталогіі, кардыялогіі, анкалогіі, рэабілітацыі, ахове мацярынства і дзяцінства”, — таксама адзначыў ён.

Прэм’ер Танзаніі, у сваю чаргу, паведаміў, што ўрад гатовы аказаць садзейнічанне беларускаму бізнесу для выхаду на рынак краіны: “Нам цікавая сфера аховы здароўя, развіццё дыпламатычнага ўзаемадзеяння, а таксама эканамічная сфера. Паміж намі быў падпісаны шэраг двухбаковых пагадненняў, якія ствараюць перадумовы для развіцця кааперацыі”.

Па выніках сустрэчы, як паведамляюць дзяржСМІ, падпісаны шэраг пагадненняў “у дыпламатычнай, сельскагаспадарчай і адукацыйнай сферах”.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Танзаніяй устаноўлены ў траўні 1996 года.

Узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 8,85 млн долараў (беларускі экспарт — 4,01 млн, танзанійскія пастаўкі — 4,84 млн). Мінск пастаўляў Дадоме ў асноўным калійныя ўгнаенні, нафтапрадукты, вымяральнае абсталяванне, у зваротным кірунку ішлі садавіна, гародніна, арэхі, кветкі і інш. Актуальных даных па двухбаковым гандлі ў адкрытым доступе няма.

Танзанія ў 4,6 раза большая за Беларусь па плошчы (945,2 тыс. кв. км супраць 207,6 тыс.) і ў 7,1 раза — па насельніцтве (65,23 млн супраць 9,13 млн). Пры гэтым у краін, згодна з данымі Міжнароднага валютнага фонду, у 2023 годзе быў несупастаўны ўзровень ВУП на душу насельніцтва: у Танзаніі — 1,22 тыс. долараў, у Беларусі — 8,01 тыс.

Згодна з дакладам Global Hunger Index (Глабальны індэкс голаду) за 2024 год, 23,8% насельніцтва Танзаніі пакутуе ад недаядання. Краіна ў гэтым рэйтынгу займае 94-е месца са 127 краін.

Таксама ў дзяржаве нізкая сярэдняя працягласць жыцця і высокая дзіцячая смяротнасць, распаўсюджаныя ВІЧ і малярыя.

Падзяліцца: