Мінск 01:23

Пытанне павелічэння продажаў айчынных тавараў на ўнутраным рынку стаіць “дастаткова сур’ёзна” — намесніца кіраўніка МАРГ

23 ліпеня, Позірк. Пытанне павелічэння продажаў на ўнутраным рынку тавараў айчыннай вытворчасці сёння стаіць “дастаткова сур’ёзна”, заявіла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 23 ліпеня намесніца міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Святлана Караткевіч.

“Мы зрабілі аналітыку, пачынаючы з 2015 года, і, на жаль, неабходна адзначыць, што рост не адзначаецца з года ў год. Мы, на жаль, дапускаем падзенне долі тавараў айчыннай вытворчасці”, — сказала чыноўніца.

Пры гэтым, паводле яе слоў, другі квартал 2025 года стаў “пераломным”.

“Калі мы назіралі пастаянна зніжэнне долі тавараў айчыннай вытворчасці, то ўжо ў другім квартале бягучага перыяду мы адзначаем рост па харчовых таварах на 1%, па нехарчовых на 1,1%. Гэта сведчыць аб тым, што сёння і гандлёвыя прадпрыемствы, і прадпрыемствы прамысловасці, якія насычаюць сваім таварам паліцы крам, дастаткова сур’ёзна ставяцца да гэтага пытання і праводзяць комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на выкананне тых паказчыкаў і даручэнняў, якія ставяцца перад намі ўрадам”, — сказала Караткевіч.

МАРГ, паводле яе сцвярджэння, прааналізаваў сітуацыю, якая складваецца “па долі тавараў айчыннай вытворчасці”, і зрабіў “для сябе наступныя высновы, што да нас на тэрыторыю рэспублікі паступае нязначная колькасць прадукцыі імпартнай вытворчасці”. “Крытычны імпарт, ён заўсёды быў, ёсць і будзе. І на сённяшні дзень нашы гандлёвыя арганізацыі з крытычным імпартам працуюць дастаткова добра для таго, каб забяспечыць і закрыць тыя патрэбы нашага насельніцтва, якія ў нас з вамі прысутнічаюць”, — адзначыла намесніца кіраўніка ведамства.

Паводле яе слоў, сёння МАРГ “ставіць мэтай вырашаць пытанні па павелічэнні долі айчынных тавараў непасрэдна шляхам узаемадзеяння паміж суб’ектамі гандлю, незалежна ні ад формы ўласнасці, ні ад непасрэдна варыянту гандлю, ці то гэта анлайн -, ці то гэта афлайн-гандаль”.

Караткевіч дадала, што міністэрства распрацоўвае законапраекты, якія “маглі б рэгуляваць гэтую сферу дзейнасці, у першую чаргу накіраваную на абарону правоў спажыўцоў і ўжо ў другую на павелічэнне долі тавараў айчыннай вытворчасці”.

На думку чыноўніцы, сітуацыя на спажывецкім рынку, “калі адзначаць па выніках бягучага перыяду”, “дастаткова стабільная: рознічны тавараабарот па выніках шасці месяцаў склаўся на ўзроўні 9%”.

“У адносінах да мінулага паўгоддзя адзначаем невялікае зніжэнне. Але зноў-такі гэта традыцыйна ў перыяд летняга адпускнога сезону, у перыяд зніжэння пакупніцкай актыўнасці, у частцы нейкіх дастаткова сур’ёзных пакупак”, — сказала Караткевіч.

Яна паведаміла, што рост рознічнага тавараабароту гандлёвых аб’ектаў па Гродзенскай вобласці да ўзроўню мінулага года склаў амаль 6%, у Мінску гэтая лічба перавышае 15%.

На станоўчую дынаміку рознічнага тавараабароту, паводле слоў намесніцы міністра, “непасрэдна ўплываюць такія фактары, як рост рэальных грашовых даходаў насельніцтва, крэдытная актыўнасць, якая сёння забяспечваецца ў першую чаргу сацыяльнымі праектамі банкаў, і прэваліраванне продажу над купляй валюты насельніцтвам на ўнутраным валютным рынку”.

Пры гэтым спікер заявіла, што “ад таго, як рэалізуюцца тавары ўнутры краіны залежыць вельмі многае, у першую чаргу стабільнасць у працы прадпрыемстваў <…>, а таксама выкананне дактрыны харчовай бяспекі”.

У студзені — чэрвені 2025 года рознічны тавараабарот склаў 48,2 млрд рублёў, павялічыўшыся на 9% у супастаўных цэнах да аналагічнага перыяду 2024-га, сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У студзені 2025-га рост складаў 12,5%, студзені — лютым — 10%, студзені — сакавіку — 10,8%, студзені — красавіку — 10%, студзені — траўні — 9,3%. Такім чынам, трэці месяц запар назіраецца запаволенне росту.

Падзяліцца: