Рыжанкоў прыняў копіі даверчых грамат апостальскага нунцыя Чафаллі

23 ліпеня, Позірк. Міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў 23 ліпеня прыняў копіі даверчых грамат апостальскага нунцыя ў Беларусі Іньяца Чафаллі, паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.
Адзначаецца, што падчас сустрэчы бакі абмеркавалі “актуальнае становішча рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь, стан двухбаковых адносін, перспектывы актывізацыі дыялогу з Ватыканам, у тым ліку з улікам адкрыцця ў бягучым годзе амбасады Беларусі пры Святым Пасадзе”.
Таксама Рыжанкоў і Чафалля “абмяняліся думкамі па актуальных тэмах міжнароднага парадку дня” і “пацвердзілі падабенства падыходаў Беларусі і Ватыкана да дасягнення міру ў Еўропе, захавання традыцыйных каштоўнасцяў, умацавання міжканфесійнага дыялогу”.
Акрамя гэтага, як паведамляецца, на сустрэчы абмяркоўваліся “шляхі рэалізацыі ініцыятыў” Аляксандра Лукашэнкі “па ўмацаванні ролі традыцыйных канфесій у Рэспубліцы Беларусь, уключаючы рымска-каталіцкую царкву, а таксама па выбудоўванні адносін з Ватыканам”.
Першая сустрэча каталіцкіх біскупаў з апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Іньяца Чафалляй прайшла ў Мінску 26 чэрвеня.
25 сакавіка цяпер нябожчык папа рымскі Францыск, прызначыў Чафаллю апостальскім нунцыем у Беларусі, адначасова прысвоіўшы дыпламату сан арцыбіскупа.
Новы прадстаўнік папы рымскага ў Беларусі нарадзіўся ў Палерма (Італія) 28 красавіка 1975 года. Прасвітэрскае пасвячэнне атрымаў 6 жніўня 2003 года. Быў накіраваны ў дыяцэзію П’яна-дэл’і-Альбанэзі. Вывучаў кананічнае права. Дыпламатычную службу пачаў 1 ліпеня 2006 года.
Нёс служэнне ў апостальскіх нунцыятурах у Эквадоры, Тайландзе, сталай місіі пры Савеце Еўропы ў Страсбургу, секцыі па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыята Ватыкана і да апошняга часу — у Венесуэле.
Пасада нунцыя ў Беларусі заставалася вакантнай з 28 чэрвеня 2024 года, калі яе пакінуў арцыбіскуп Антэ Ёзіч, прызначаны дыпламатычным прадстаўніком папы ў Грузіі і Арменіі.
Лукашэнка, віншуючы 13 сакавіка папу рымскага Францішка з 12-й гадавінай пантыфікату, выказаў думку, што супрацоўніцтва Мінска і Ватыкана паспяхова развіваецца.
На яго думку, з адкрыццём у 2025 годзе амбасады Беларусі пры Святым Пасадзе гэтыя адносіны дасягнуць “якасна новага ўзроўню”.
8 траўня Лукашэнка павіншаваў Льва XIV з абраннем папам рымскім і запрасіў яго ў Беларусь. Фактычна кіраўнік Святога Пасада не можа прыехаць праз негалоснае правіла: папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфесія або рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідара. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева).
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.
Паводле даных ініцыятывы “Хрысціянская візія”, на 25 чэрвеня з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнулася не менш за 38 святароў.



- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаКолькасць беларусаў з дазволам на пражыванне ў Літве працягвае зніжацца, за два гады — на 21% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваНа лінію кругласутачнай службы экстранай псіхалагічнай дапамогі штомесяц паступае больш за 1,5 тыс. званкоўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаБХК заклікаў стварыць і прасоўваць беларускамоўную юрыдычную тэрміналогію ў галіне роўнасці і антыдыскрымінацыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваУ 2025 годзе колькасць шлюбаў у Беларусі павялічылася, разводаў — зменшылася (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЛатушка: Пры падтрымцы партнёраў маецца шанец пабудаваць дэмакратычную Беларусь, якая падзяляе стандарты ў галіне правоў чалавека (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 7 красавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
