Мінск 01:30

Ціханоўская выказала падтрымку ” ўсім пацярпелым ад харасмэнту жанчынам“

24 ліпеня, Позірк. “Абурэннем і расчараваннем” назвала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская свае пачуцці ў дачыненні да сітуацыі з удзелам сузаснавальніка Фонду салідарнасці Bysol Андрэя Стрыжака ў распаўсюджанай 24 ліпеня заяве.

“Некарэктныя і нявартыя паводзіны нельга апраўдваць або замоўчваць, — цытуе палітыка яе прэс-служба. — Бо гэта шырокая сацыяльная праблема, якая закранае сям’ю, працу, усё грамадства”.

Яна падкрэсліла, што фонд — гэта не адзін чалавек, а арганізацыя, якая працуе шмат гадоў: “гэта каманда, якая фарміравалася з людзей з вопытам, прафесіяналізмам, вытрымкай. Людзей, што дапамагалі іншым, нават калі самі знаходзіліся ў небяспецы. Многія з іх з самага пачатку былі побач з беларусамі ў цяжкія часы”.

Калі з’явілася інфармацыя пра” непрымальныя дзеянні Андрэя Стрыжака”, нагадала палітык, фонд”адрэагаваў як адказная структура: прызнаў праблему, адхіліў ад працы кіраўніка і пачаў унутранае расследаванне”.

На яе думку, такая “празрыстая і сумленная” пазіцыя адпавядае стандартам, якіх”мы ўсе чакаем ад арганізацый, якія працуюць для Беларусі”.

Разам з тым, перакананая Ціханоўская, нельга дазволіць, каб “дзеянні аднаго чалавека знішчылі шматгадовую працу фонду, бо BySol дапамог і дапамагае тысячам беларусаў”.

“Фонд заслугоўвае падтрымкі, менавіта таму, што важны для беларускага грамадства. Тое, што зрабіў кіраўнік — не падстава разбураць падмурак, які гадамі ствараўся сумленнымі і адданымі людзьмі“, — рэзюмавала дэмлідар.

Таксама з заявай у сувязі з сітуацыяй, якая склалася 24 ліпеня выступіла беларуская праваабарончая кааліцыя, якая адзначыла недапушчальнасць “сексуалізаванага пераследу” і неабходнасць “сістэмнага рэагавання на выпадкі гвалту і злоўжывання ўладай”.

“Мы хочам нагадаць, што праваабарончая дзейнасць і любая іншая дзейнасць, звязаная з дапамогай людзям, накладае асаблівую сацыяльную адказнасць на тых, хто яе ажыццяўляе. Умовы вымушанай міграцыі, у якіх сёння знаходзіцца значная частка дэмакратычнай і праваабарончай супольнасцяў, ствараюць дадатковыя ўразлівасці, а адказнасць набывае яшчэ большае значэнне“, — гаворыцца ў рэлізе.

Заяву падпісалі Праваабарончы цэнтр “Вясна“, Беларускі ПЭН, “Прававая ініцыятыва”, Lawtrend, Respect-Protect-Fulfill, Human Constanta, Беларускі дом правоў чалавека ім. Барыса Звозскава, Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

21 ліпеня на “Еўрарадыё “выйшаў матэрыял“Андрэй Стрыжак і няпрошаныя дыкпікі”.

У ім сцвярджаецца, што кіраўнік BySol стрыжак высылаў беларускім актывісткам і праваабаронцам дыкпікі (фатаграфіі свайго палавога чальца). Некалькі прадстаўніц фемінісцкай супольнасці пацвердзілі “Еўрарадыё”, што ведаюць пра сітуацыю. Ім вядома пра як мінімум сямі падобных кейсах. Дзве дзяўчыны падзяліліся са згаданым СМІ сваімі гісторыямі.

У той жа дзень стрыжак на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку“ адзначыў, у прыватнасці, што “ў жыцці кожнага чалавека бываюць учынкі, якія не робяць яму гонару“ і папрасіў прабачэння перад усімі, каго яго ўчынкі “маглі абразіць, закрануць або ўстрывожыць“. Па сцвярджэнні кіраўніка BySol яго дзеянні“не мелі на ўвазе прымусу, злоўжыванні службовым становішчам, смагі нажывы або чаго-небудзь падобнага”.

З асуджэннем падобных паводзін 22 ліпеня выступілі Аб’яднаны пераходны кабінет і Камісія па сацыяльнай палітыцы Каардынацыйнай Рады, якая запатрабавала правядзення праверкі.

23 ліпеня BySol паведаміў аб адхіленні Стрыжака ад “кіроўнай пасады” і “выканання прадстаўніцкіх функцый”, а таксама аб пачатку разбіральніцтва.

На сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” 24 ліпеня напісаў, што мае “праблему з сэксуальнай залежнасцю” і збіраецца “працаваць з ёй са спецыялістамі”.

Падзяліцца: