Мінск 03:47

Ціханоўская: Украінцы, літоўцы і беларусы маюць аднаго ворага — імперскую Расію

Літоўскі дэпутат Эмануэліс Зінгерыс, беларускі дэмлідар Святлана Ціханоўская і яе муж экс-палітвязень Сяргей Ціханоўскі (Вільнюс, 28 ліпеня 2025 года)
Фота: "Позірк"

28 ліпеня, Позірк. Зрабіць усё магчымае, каб Украіна “не проста вытрывала, а перамагла” ў вайне, якую “развязала імперская Расія” — да выканання такой супольнай задачы заклікала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 28 ліпеня на Катэдральнай плошчы ў Вільнюсе на 148-м мітынгу ў падтрымку ўкраінскага народа.

Паводле слоў палітыка, гэтая вайна “павінна быць спыненая”. “Бо кожны дзень і кожную ночь [адбываецца] новы варварскі ўдар па цывільным насельніцтве, па цывільнай інфраструктуры, — сказала яна. — Кожны дзень — гэта новыя ахвяры, скалечаныя жыцці і раз’яднаныя сем’і. Сёння Украіна і ўкраінцы змагаюцца не толькі за сябе, не толькі за сваю зямлю, яны змагаюцца за ўсіх нас, за мірную Еўропу, за ўвесь цывілізаваны свет”.

Ціханоўская заклікала не спадзявацца на “літасць дыктатараў”, бо ні прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну, ані Аляксандру Лукашэнку “не патрэбны мір”: “Ім патрэбная толькі вайна, бо вайна ўмацоўвае іх рэжымы, гэта спосаб апраўдаць рэпрэсіі”.

“Давайце памятаць, што дыктатары разумеюць толькі мову сілы. І мы гэтую сілу павінны дэманстраваць, — падкрэсліла яна. — Мы павінны дэманстраваць рашучасць, салідарнасць і адзінства. Украінцы, літоўцы і беларусы маюць аднаго ворага — імперскую Расію. Мы павінны супрацьстаяць гэтаму ворагу разам. Я ўпэўненая, што ў рэжымаў не атрымаецца нас пасварыць і раз’яднаць, бо ў нас доўгая супольная гісторыя барацьбы за свабоду. І самае важнае — у нас, нашых нацый, нашых народаў супольная будучыня ў мірнай дэмакратычнай Еўропе. Мы да гэтай будучыні ідзем, мы за гэтую будучыню змагаемся”.

Палітык адзначыла, што “беларусы падтрымліваюць Украіну з самага пачатку вайны, яшчэ з 2014 года”. Паводле яе слоў, “больш за 80 беларусаў ужо аддалі свае жыцці на палях баёў — за свабоду Украіны, а значыць за свабоду Беларусі”.

“Нядаўна мы пахавалі Марыю Зайцаву. Марыя гераічна сябе праявіла падчас нашай рэвалюцыі ў Мінску ў 2020 годзе. Яна загінула ў баі за Украіну на пачатку гэтага года. Ёй было толькі 24 гады, — нагадала дэмлідар. — Два беларускія ваяры з палка Каліноўскага — Ян Дзюрбейка і Сяргей Дзёгцеў — з 2022 года знаходзяцца ў расійскім палоне. Я спадзяюся, што яны жывыя, і мы дамагаемся іх вызвалення”.

148-ы мітынг у падтрымку Украіны ў Вільнюсе
Фота: "Позірк"

“На мінулым тыдні я звярнулася да прэзідэнта [Украіны Уладзіміра] Зяленскага [з просьбаю] прыняць закон аб дабраахвотніках, які палепшыць умовы для беларускіх ваяроў ва Украіне. Таксама з літоўскім урадам мы шукаем магчымасці для лекавання, рэабілітацыі і падтрымкі беларускіх ветэранаў, якія апынуліся ў Літве і не могуць вярнуцца дадому ў Беларусь”, — сказала яна.

Беларусы дапамагаюць Украіне “не толькі на полі бою”, звярнула ўвагу палітык. Паводле яе слоў, “многія валанцёраць”, “данацяць на параненых і пацярпелых”, “удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, ініцыятывах, напрыклад у “Blue / Yellow”. “А сёння беларускія Кіберпартызаны заявілі пра ўзлом сістэмы расійскай кампаніі “Аэрафлот”, і гэта таксама форма барацьбы з акупантамі”, — упэўненая спікер.

Беларускія дэмакратычныя сілы, заявіла яна, “на кожнай пляцоўцы, кожным форуме, кожнай сустрэчы” просяць сваіх партнёраў “даць Украіне ўсё неабходнае для перамогі”.

“Нам так важна, каб свабодны свет — ЗША і Еўрасаюз — захоўваў адзінства, дапамагаў Украіне зброяй, а таксама ціснуў на пуцінскі рэжым санкцыямі ды ізаляцыяй, — сказала палітык. — Мы заклікаем свабодны свет працягваць ціск і на рэжым Лукашэнкі, які стаў пасобнікам Пуціна і ўцягнуў нашу краіну ў гэтую вайну”.

Ціханоўская ад імя дэмсіл запатрабавала вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў: “За кратамі на гэты момант застаецца больш за 1.150 чалавек. Многія з іх — за салідарнасць з Украінай”.

“Сярод беларускіх палітзняволеных таксама і былыя “каліноўцы”, напрыклад, Васіль Верамейчык, які быў выкрадзены і выдадзены Мінску. У беларускіх турмах знаходзяцца таксама і нашыя партызаны, якія спынялі цягнікі ў першыя дні паўнамаштабнага ўварвання. Усе гэтыя людзі, усе беларускія палітвязні павінны быць вызваленыя”, — падкрэсліла яна.

Адзін з арганізатараў і вядоўца мітынга літоўскі журналіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч Аркадыюс Вінакурас нагадаў, што сярод іншых Украіну абараняе беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, які страціў ужо не аднаго ваяра.

Аркадыюс Вінакурас
Фота: "Позірк"

“У 2020 годзе, калі ў Беларусі адбывалася іх барацьба за свабоду, мы гэтаксама выйшлі, каб падтрымаць гэтую іх барацьбу, бо мы ведаем пра жаданне беларусаў жыць у свабодзе, — сказаў ён. — У 1988–1991 гадах мы змагаліся за свабоду ад дзесяцігоддзяў расійскай акупацыі, мы ведаем цану свабодзе, ведаем, як за яе змагацца”.

“Дэмакратычная частка літоўскага грамадства падтрымлівае барацьбу за свабоду Украіны і Беларусі. Нам не патрэбная дыктатура нашага суседа, дыктатура Лукашэнкі. Нам не патрэбны сусед, які гатовы нападаць, нам патрэбны сусед, які адносіцца з павагай, паважае свабоду, гатовы жыць у свабодзе і дэмакратыі”, — падкрэсліў спікер.

Вінакурас падтрымаў заклік Ціханоўскай да супольнай барацьбы супраць агульнага ворага: “Мы стагоддзі былі разам, разам ідзем да перамогі”.

Падзяліцца: