Мінск 01:54

Лукашэнка гатовы супрацоўнічаць з Эфіопіяй у вайскова-прамысловай сферы

Аляксандр Лукашэнка і кіраўнік МЗС Эфіопіі Гедыён Ціматэвас
Фота: прэс-служба Лукашэнкі

29 ліпеня, Позірк. “Мы абсалютна адкрытыя для супрацы з вамі па ўсіх напрамках, пачынаючы ад вайскова-прамысловага комплексу і заканчваючы харчовай бяспекай”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 29 ліпеня ў Мінску на сустрэчы з міністрам замежных спраў Эфіопіі Гедыёнам Ціматэвасам.

“Ведайце, што вы заўсёды жаданыя госці для нас, таму ласкава запрашаем у любы час у Беларусь”, — адзначыў гаспадар сустрэчы (паводле неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы Лукашэнкі і стэнаграмы на яго сайце).

Спікер адзначыў, што Эфіопія для Беларусі “з’яўляецца адной з найважнейшых дзяржаў ва Усходняй Афрыцы”: “Яшчэ з савецкіх часоў у нас добрыя ўспаміны і добрыя надзеі на супрацу ў будучым”.

Паводле яго слоў, знешнепалітычныя ведамствы дзвюх краін дамовіліся выпрацаваць дарожную карту супрацы. Лукашэнка запэўніў кіраўніка МЗС Эфіопіі ў тым, што Беларусь пры дасягненні тых ці іншых дамоўленасцей “выканае ўсе абавязацельствы” са свайго боку.

“Мы гатовыя пастаўляць вам увесь комплекс неабходнай машынабудаўнічай прадукцыі. <…> Мы гатовыя пастаўляць вам увесь комплекс сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Акрамя гэтага, мы гатовыя перадаваць вам адпаведныя тэхналогіі і навучаць вашых людзей гэтым тэхналогіям”, — сказаў ён.

У сваю чаргу Ціматэвас заявіў пра “моцныя культурныя і гістарычныя сувязі” Эфіопіі і Беларусі: “Мы таксама маем агульнасць падыходаў да каштоўнасцей, гісторыі, рэлігіі. Дагэтуль у нашай краіне многія людзі цёпла ўзгадваюць сваё навучанне тут у часы Савецкага Саюза. У тым ліку яны сёння фармуюць і падтрымліваюць моцныя сувязі паміж нашымі краінамі”.

Зацікаўленасць у “пашырэнні двухбаковай супрацы ў галінах эканомікі, адукацыі, культуры і спорту” пацвердзіў Лукашэнка, віншуючы 28 траўня прэзідэнта Эфіопіі Тае Ацке-Селасіе з Днём усталявання міру і дэмакратыі.

“Буду рады сустрэцца з вамі ў Мінску, Адыс-Абебе або на пляцоўках ААН, Руху недалучэння і БРІКС для дэталёвага абмеркавання шляхоў паглыблення беларуска-эфіёпскіх сувязей”, — адзначыў ён тады.

Варта адзначыць, што летась у кастрычніку Лукашэнка ўжо запрашаў Тае Ацку-Селасіе ў Беларусь.

Сёлета ў красавіку Эфіопію наведваў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў. У рамках візіту чыноўнік правёў шэраг сустрэч у розных ведамствах краіны.

Мінск і Адыс-Абеба ўсталявалі дыпламатычныя стасункі ў 1994 годзе. Інтарэсы Беларусі ў Эфіопіі прадстаўляе амбасадар, асноўным месцам службы якога з’яўляецца Кенія.

Паводле даных МЗС, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 1,3 млн долараў. Актуальныя даныя на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства не прадстаўленыя.

Эфіопія з’яўляецца парламенцкай рэспублікай, прэзідэнт у сістэме дзяржкіравання выконвае пераважна прадстаўнічыя функцыі.

Падзяліцца: