Мінск 08:55

Літоўскія памежнікі спынілі беларуса, які спрабаваў выехаць на машыне, што знаходзіцца ў вышуку ў Францыі

29 ліпеня, Позірк. Увечары 26 ліпеня супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) Літвы ў пункце пропуску Мядзінінкай (з беларускага боку — Каменны Лог) затрымалі аўтамабіль Mercedes-Benz GLC, які расшукваюць французскія праваахоўныя органы, паведамляецца на сайце САДМ.

Адзначаецца, што за стырном пазадарожніка з літоўскімі нумарамі знаходзіўся 45-гадовы грамадзянін Беларусі, які часова пражывае ў Літве.

Па ідэнтыфікацыйным нумары транспартнага сродку (VIN) было ўстаноўлена, што французская паліцыя 6 чэрвеня гэтага года абвясціла ў вышук гэты пазадарожнік 2019 года выпуску з мэтай выкарыстання яго ў якасці доказу ў крымінальным працэсе. Аўтамабіль быў зарэгістраваны ў Літве два гады таму.

Пачата дасудовае расследаванне. Паводле інфармацыі САДМ, за падобнае злачынства законам прадугледжаны штраф, абмежаванне волі, арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.

У той жа час пасля допыту сведкі вадзіцель быў адпушчаны. Канфіскаваны пазадарожнік часова захоўваецца ў адным з падраздзяленняў Вільнюскай памежнай аховы.

Падзяліцца: