Мінск 08:28

Пракуратура выявіла за паўгода шэсць выпадкаў траўмавання дзяцей у школах Ваўкавыскага раёна

31 ліпеня, Позірк. Шэсць выпадкаў траўмавання дзяцей выяўлена ў школах Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці за першую палову 2025 года, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

За 2024 год ва ўстановах адукацыі раёна зарэгістравана 19 выпадкаў траўмавання навучэнцаў.

Большасць траўмаў атрымана на ўроках фізкультуры “з прычыны нядобрасумленнага выканання настаўнікам сваіх службовых абавязкаў“. Пры гэтым настаўнікі не заўсёды своечасова інфармавалі школьную адміністрацыю, каб схаваць траўмаванне дзіцяці падчас заняткаў. У шэрагу выпадкаў расследаванне няшчасных выпадкаў праведзена павярхоўна, без высвятлення абставінаў таго, што адбылося, і апытання пацярпелых, адзначае нагляднае ведамства.

У трох навучальных установах раёна ўстаноўлены выпадкі звароту па медыцынскую дапамогу дзяцей, якія атрымалі мікратраўмы, што не былі зарэгістраваныя ў адпаведных часопісах уліку траўмаў.

У адной са школ Ваўкавыска па выніках расследавання траўмавання нагі вучнем не быў складзены адпаведны акт. У іншай сярэдняй школе падчас гульні ў баскетбол падлетак атрымаў удар мячом у галаву і ў той жа дзень шпіталізаваны з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і страсеннем мозгу. Аднак дырэктар школы толькі праз тры тыдні пасля таго, што здарылася, выдаў загад аб правядзенні расследавання і ўліку няшчаснага выпадку.

“Пракуратурай пры абследаванні ўстаноўленыя парушэнні цэласнасці агароджаў некаторых школ, што стварае ўмовы пранікнення на тэрыторыю ўстановы старонніх асобаў. На тэрыторыі адной навучальнай установы выяўлены незачынены калодзеж цеплавузла, што не выключала падзенне ў яго дзяцей. Падчас наглядных мерапрыемстваў выяўлены і іншыя парушэнні заканадаўства, звязаныя з небяспечным станам спартыўных збудаванняў і дзіцячага гульнявога абсталявання. Асноўныя прычыны ўстаноўленых недахопаў — нізкая выканальніцкая дысцыпліна работнікаў устаноў адукацыі і іх кіраўнікоў“, — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.

На адрас упраўлення адукацыі Ваўкавыскага райвыканкама ўнесена прадстаўленне аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў, раённы пракурор запатрабаваў прыняць неадкладныя арганізацыйныя меры ў школах, дзе зафіксаваныя надзвычайныя здарэнні.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, у Беларусі штогод траўмы рознай цяжкасці атрымлівае каля 150 тыс. дзяцей. Ад 50 да 55 дзяцей з прычыны траўмы атрымліваюць інваліднасць.

У 2024 годзе ад знешніх прычын у краіне загінула 126 дзяцей — на 34% больш, чым у 2023-м (94), паведаміў на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення па наглядзе ў сацыяльнай сферы Генеральнай пракуратуры Павел Зайцаў.

Асноўнымі прычынамі гібелі былі суіцыд, дарожна-транспартныя здарэнні, утапленні і пажары. Лічбы па кожнай катэгорыі спікер не прывёў.

Падзяліцца: