Мінск 14:43

Лукашэнка прызнаў, што палітвязняў адпускаюць пры ўмове абавязковага выезду з Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

31 ліпеня, Позірк. Выезд з Беларусі з’яўляецца абавязковай умовай, на якой улады адпускаюць палітвязняў, фактычна адкрыта заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 ліпеня на нарадзе з кіраўнікамі беларускіх дыпламатычных прадстаўніцтваў.

Палітык выказаўся пра гэта, распавядаючы пра “нядаўняе памілаванне шэрагу асуджаных пасля перамоў з прадстаўнікамі ЗША”.

Як паведамляў “Позірк”, 21 чэрвеня ў беларускай сталіцы адбыліся перамовы Лукашэнкі і спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келлага. Неўзабаве пасля гэтага на волю адпусцілі і дэ-факта выслалі з краіны 14 чалавек, пераважна палітвязняў, у тым ліку відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — мужа дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

На нарадзе з дыпламатамі 31 ліпеня Лукашэнка заявіў, што за вызваленне гэтых вязняў “некаторыя” ў беларускім грамадстве “пачалі не тое што асуджаць” яго — “крыкі там дзікія падняліся”.

“І што дзіўна, больш за ўсё ў збеглых, — цытуе спікера яго прэс-служба. — Зразумела, ім лішнія раты там не патрэбныя. Таму што, калі мы некага вызваляем, умова адна, хто б мяне пра гэта ні прасіў (у асноўным амерыканцы): хочаце — калі ласка, забірайце, вывозьце. Нашым збеглым гэта трэба?”

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, ён прапаноўваў, “калі захоча той бок, перадаць і некалькі тысяч іншых чалавек, якія асуджаныя за розныя злачынствы”. “Я ім у апошні раз сказаў: “Хочаце — мы вам і гэтых дадамо “. “Не, не, не, гэтых не хочам, хочам вось гэтых”, — перадаў ён сутнасць дыялогу, калі такі на самай справе быў.

“Вазьміце, апошняга сядзельца — вызвалілі (відавочна, гаворка пра Ціханоўскага. — “Позірк”.). Ну вы ж яго прасілі. І я сваёй рукой памілаваў яго. І адзін гэты ўзрушыў усю там гэтую “маліну” (яскравая адсылка да інтэрв’ю Ціханоўскага на ютуб-канале “Жыццё-маліна”, якая выклікала рэзананс у Літве. — “Позірк”.). Ну вы ж прасілі яго. Ну дык бярыце. “Вось, ён прарасійскі…” А вы што, не ведалі, што ён прарасейскі? Вы ведалі яго біяграфію (Ціханоўскі пасля вызвалення неаднаразова выступаў з крытыкай рэжыму Уладзіміра Пуціна. — “Позірк”.). Вы на яго рабілі стаўку нейкую. А рабілі стаўку на ўсіх [у 2020 годзе], абы захапіць уладу, а потым, маўляў, разбярэмся. Так не бывае ў палітыцы. Уладу могуць захапіць, як яны стаўку рабілі на ідыётаў і падонкаў, і яны могуць застацца ва ўладзе. Але яны думалі па-іншаму”, — заявіў Лукашэнка.

У вызваленні палітвязняў спікер не бачыць ніякага “гандлю людзьмі”. “Я катэгарычна быў супраць, як яны кажуць — абмен, — сказаў ён. — Гэта мяне амерыканцы навучылі. На перамовах яны наўпрост пра гэта казалі. Я кажу: “Хлопцы, гэта вы мяне да гэтага падштурхнулі. Хочаце — забірайце. Што наўзамен?” — “Мы падумаем”. — Ідзіце думайце”.

“Дык што, мы іх будзем?.. Гэта я адказваю тым, хто сёння такія патрыёты вялікія. Мы іх што, будзем тут карміць бясплатна, апранаць ды іншае? Я глядзеў толькі частку інтэрв’ю гэтага збеглага. Ён так і не сказаў, што над ім тут здзекаваліся, правы чалавека парушалі. Ён хацеў гэта з сябе выціснуць, але гэтага няма. Але гэта (верагодна, гаворка пра ўтрыманне вязняў. — “Позірк”.) нятанна каштуе”, — сцвярджае Лукашэнка.

Раней праваабаронцы заяўлялі, што “вызваленне пад умовай выезду” з’яўляецца новым інструментам палітычнага ціску, дзеяннем, якое супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным актам.

Падзяліцца: