Беларусь гатовая абмяркоўваць будучыню “еўразійскай архітэктуры бяспекі” як і дзе заўгодна — намеснік кіраўніка МЗС

2 жніўня, Позірк. “Ацэнкі і прапановы” Беларусі па пераадоленні “крызіснай сітуацыі ў сферы рэгіянальнай бяспекі” і падвышэнні эфектыўнасці працы Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) прадставіў намеснік міністра замежных спраў Ігар Сякрэта 1 жніўня ў Хельсінкі на працоўнай дыскусіі па лініі АБСЕ.
Паводле слоў чыноўніка, якія прыводзіць прэс-служба МЗС, будучыня АБСЕ магчымая толькі ў тым выпадку, калі “дзяржавы-ўдзельнікі пачнуць успрымаць арганізацыю не як пляцоўку для эмацыйнага выказвання ўзаемных прэтэнзій, а як практычны інструмент прасоўвання дыялогу і ўмацавання міждзяржаўнага ўзаемадзеяння на ўсёй еўразійскай прасторы”.
“Калі мы здолеем узняцца над ідэалагічнымі догмамі і забабонамі, мы зможам вярнуць мір у Еўропу. Як? Праз дыпламатыю. Спыненне ваенных дзеянняў і новая разрадка ў Еўропе стануць не перадумовай, а вынікам аднаўлення паўнацэнных міжнародных зносін”, — заявіў Сякрэта.
Мінск прапануе распачаць абмяркоўваць “будучыню еўразійскай архітэктуры бяспекі”, абнавіўшы “дыялог паміж зацікаўленымі дзяржавамі”. Калі “афіцыйныя структуры на першым этапе будуць не гатовыя да прамога ўзаемадзеяння”, то ў якасці “прамежкавага кроку”, на думку прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, можна прыцягнуць да абмеркавання “незалежных экспертаў, аналітыкаў, навукоўцаў і прадстаўнікоў СМІ”.
“Беларусь гатовая да такога дыялога ў любым фармаце і на любой пляцоўцы — без папярэдніх умоў, — заявіў Сякрэта. — Мы таксама прапануем выкарыстаць у гэтых мэтах Мінскую канферэнцыю па еўразійскай бяспецы, якая адбудзецца 28–29 кастрычніка. З улікам унікальнага геапалітычнага становішча нашай краіны, Мінск — аптымальная пляцоўка для сур’ёзнай размовы і выпрацоўкі”.
Варта адзначыць, што бяспека ў рэгіёне была сур’ёзна парушаная поўнамаштабнай вайной, якую Расія развязала супраць Украіны ў лютым 2022 года, у тым ліку з дапамогай Беларусі. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі даў войску РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а пасля на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.
Працоўная дыскусія АБСЕ адбылася на наступны дзень пасля маштабнай канферэнцыі Helsinki+50, прымеркаванай да 50-годдзя падпісання 1 жніўня 1975 года Хельскінскіх пагадненняў, якія пасля сталі падмуркам для стварэння арганізацыі.
Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская выступіла на паралельным мерапрыемстве гэтага форуму, якое было прысвечанае рэпрэсіям у дачыненні да праваабаронцаў у Беларусі. Разам з ёй у дыскусіі ўдзельнічалі прадстаўнікі праваабарончага цэнтра “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага камітэта.
У рамках візіту палітык таксама сустрэлася з шэрагам еўрапейскіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, у тым ліку ААН і ПА АБСЕ.

Прапанова Ціханоўскай аб круглым стале перададзена прадстаўніку беларускага МЗС нефармальна ў вуснай форме — Кучынскі

- ЭканомікаАдмоўнае сальда знешняга гандлю спажывецкімі таварамі за год павялічылася амаль у 16 разоў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, ПалітыкаГалоўны дарадца Ціханоўскай: МЗС Украіны паслаў меседж, што Лукашэнка — перашкода на шляху да міру (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗа тры тыдні жніўня зафіксавана ў 2,4 раза больш спробаў незаконнай міграцыі з Беларусі ў ЕС у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства